Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/407

Гэта старонка не была вычытаная

З імі абыходзіліся, як на вайне, і яны, натуральна, ужывалі тыя самыя сродкі, якія ўжываліся супроць іх. І як ваенныя жывуць заўсёды ў атмасферы грамадскай думкі, якая не толькі хавае ад іх злачыннасць учынкаў, што робяцца імі, але выдае гэтыя ўчынкі за геройскія, — таксама і для палітычных існавала гэткая-ж, заўсёды спрыяльная для іх атмасфера грамадскай думкі іхняга асяроддзя, у выніку чаго тыя жорсткія ўчынкі, якія яны рабілі, з небяспекай згубы свабоды, жыцця і ўсяго, што дорага чалавеку, уяўляліся ім таксама не толькі дрэннымі, але геройскімі ўчынкамі. Гэтым тлумачылася для Нехлюдава тая дзіўная з‘ява, што самага лагоднага характару людзі, няздольныя не толькі прычыніць, але бачыць пакуты жывых істот, спакойна рыхтаваліся да забойства людзей, і ўсе амаль прызнавалі ў пэўных выпадках забойства, як сродак самаабароны і дасягнення вышэйшай мэты агульнага добрабыту, законным і справядлівым. Высокая думка-ж, якую яны мелі аб сваёй справе, а ў выніку таго і аб сабе, зусім натуральна выходзіла з таго значэння, якое надаваў ім урад, і той жорсткасці пакаранняў, якімі ён распраўляўся з імі. Ім трэба было мець пра сябе высокую думку, каб мець сілу пераносіць тое, што яны пераносілі. Пазнаўшы іх бліжэй, Нехлюдаў пераканаўся, што гэта не былі злачынцы з галавы да пят, якімі іх уяўлялі сабе адны, і не былі героямі з галавы да пят, якімі лічылі іх іншыя, а былі звычайнымі людзьмі, сярод якіх былі, як і ўсюды, добрыя і кепскія, і сярэднія людзі. Былі сярод іх людзі, якія зрабіліся рэволюцыянерамі таму, што шчыра лічылі сябе абавязанымі змагацца з існуючым злом; але былі і такія, якія абралі гэту дзейнасць з эгаістычных матываў, жадаючы праславіцца; большасць-жа была прыцягнена да рэволюцыі знаёмым Нехлюдаву па ваеннаму часу жаданнем небяспекі, рызыкі, прыемнасцю ставіць на карту жыццё — пачуццямі, уласцівымі самай звычайнай энергічнай моладзі. Розніца між імі і звычайнымі людзьмі, і на іхнюю карысць, складалася з таго, што патрабаванні маральнасці сярод іх былі вышэй, як тыя, якія былі прыняты ў асяроддзі звычайных людзей. Сярод іх лічыліся абавязковым не толькі ўстры-