Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/409

Гэта старонка не была вычытаная

— У турме, куды мяне пасадзілі, — расказваў Крыльцоў Нехлюдаву (ён сядзеў з сваімі ўпалымі грудзьмі на высокіх нарах, аблакаціўшыся на калені, і толькі зрэдку паглядваючы бліскучымі, ліхаманкавымі, прыгожымі, разумнымі і добрымі вачыма на Нехлюдава), — у турме гэтай не было асаблівай строгасці: мы не толькі перастукваліся, але і хадзілі па калідоры, перагаварваліся, дзяліліся харчамі, тытуном і вечарамі нават спявалі хорам. У мяне быў голас добры. Так, каб не маці, — яна вельмі гаравала, — мне добра было-б у турме, нават прыемна і дужа цікава. Тут я пазнаёміўся, паміж іншым, са славутым Петровым (ён пасля зарэзаўся шклом у крэпасці) і яшчэ з іншымі. Але я не быў рэволюцыянерам. Пазнаёміўся я таксама з двума суседзямі па камеры. Яны былі ўзяты па адной і той-жа справе з польскімі пракламацыямі і судзіліся за спробу вызваліцца ад канвоя, калі іх вялі на чыгунку. Адзін быў паляк Лазінскі, другі — яўрэй, Разоўскі прозвішча. Так. Разоўскі гэты быў зусім хлопчык. Ён гаварыў, што яму было год семнаццаць, але на выгляд яму было гадоў пятнаццаць. Худзенькі, маленькі, з бліскучымі чорнымі вачыма, жвавы і, як усе яўрэі, вельмі чулы да музыкі. Голас у яго яшчэ ламаўся, алё ён добра спяваў. Так. Пры мне іх абодвух вадзілі на суд. Раніцою адвялі. Увечары яны вярнуліся і расказалі, што іх прысудзілі да пакарання смерцю. Ніхто гэтага не чакаў. Гэткай нязначнай была іхняя справа — яны толькі паспрабавалі адбіцца ад канвоя і нікога не паранілі нават. І потым неяк не верылася, каб можна было такога дзіцёнка, як Разоўскі, пакараць смерцю. І мы ўсе ў турме парашылі, што гэта толькі, каб напалохаць і што прысуд не будзе канфірмаваны. Пахваляваліся спачатку, а потым супакоіліся, і жыццё пайшло па-стараму. Так. Толькі аднаго разу ўвечары падыходзіць да маіх дзвярэй вартаўнік і таямніча паведамляе, што прышлі цесляры ставіць шыбеніцу. Я спачатку не зразумеў, што такое? якая шыбеніца? Але стары вартаўнік быў так усхваляваны, што, зірнуўшы на яго, я зразумеў, што гэта для нашых двух. Я хацеў пастукаць, перагаварыцца з таварышамі, але баяўся, каб тыя не пачулі. Таварышы таксама маўчалі. Відавочна, усе ведалі.