Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/41

Гэта старонка не была вычытаная

Сімон Карцінкін устаў, выцягнуўшы рукі па швах і падаўшыся ўперад усім целам, не спыняючы маўкліва варушыць шчакамі.

— Вы абвінавачваецеся ў тым, што 17 студзеня 188* г. вы, у саўдзельніцтве з Еўфіміяй Бачковай і Кацярынай Маславай, укралі з чамадана купца Смелькова яго грошы і потым прынеслі мыш‘як і падгаварылі Кацярыну Маславу даць купцу Смелькову выпіць атруту з віном, з чаго Смелькоў памёр. Ці прызнаеце вы сябе вінаватым? — праказаў ён і схіліўся направа.

— Ніяк немагчыма, бо наша справа служыць гасцям…

— Вы пасля скажаце. Ці прызнаеце вы сябе вінаватым?

— Ніяк не. Я толькі…

— Пасля скажаце. Ці прызнаеце вы сябе вінаватым? — спакойна, але цвёрда паўтарыў старшыня.

— Не магу я гэтага зрабіць, бо…

Зноў судовы прыстаў падскочыў да Сімона Карцінкіна і трагічным шэптам спыніў яго. Старшыня, з выразам таго, што гэта справа цяпер скончана, пераклаў локаць рукі, у якой ён трымаў паперу, на другое месца і звярнуўся да Еўфіміі Бачковай.

— Еўфімія Бачкова, вы абвінавачваецеся ў тым, што 17 студзеня 188* г. у гасцініцы „Маўрытанія“, разам з Сімонам Карцінкіным і Кацярынай Маславай, укралі ў купца Смелькова з яго чамадана яго грошы і пярсцёнак і, падзяліўшы пакрадзенае паміж сабой, напаілі, для захавання свайго злачынства, купца Смелькова атрутай. Ці прызнаеце вы сябе вінаватай?

— Не вінавата я ні ў чым, — бойка і цвёрда пачала гаварыць абвінавачаная. — Я і ў нумар не ўваходзіла… А як гэта паскуда ўвайшла, дык яна і зрабіла справу.

— Вы пасля скажаце, — сказаў зноў гэтак-жа мякка і цвёрда старшыня.

— Дык вы не прызнаеце сябе вінаватай?

— Не брала я грошы, і не я паіла, я і ў нумары не была. Калі-б я была, я-б яе выкінула.

— Вы не прызнаеце сябе вінаватай?

— Ніколі.