Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/410

Гэта старонка не была вычытаная

У калідоры і ў камерах увесь вечар была мёртвая цішыня. Мы не перастукваліся і не спявалі. Гадзін у дзесяць зноў падышоў да мяне вартаўнік і абвясціў, што ката прывезлі з Масквы. Сказаў і адышоў. Я пачаў яго клікаць, каб вярнуўся. Раптам чую, Разоўскі са сваёй камеры праз калідор крычыць мне: „Што вы? Навошта вы яго клічаце?“ Я сказаў яму нешта, што ён тытун мне прыносіў, але ён нібы здагадваўся і пачаў пытацца ў мяне, чаму мы не спявалі, чаму не перастукваліся. Не помню, што я сказаў яму. І хутка адышоў, каб не гаварыць з ім. Так. Жудасная была ноч. Усю ноч прыслухоўваўся да розных гукаў. Раптам пад раніцу чую — адчыняюць дзверы і ідуць нехта, многа. Я стаў каля акенца. У калідоры гарэла лямпа. Першым прайшоў сматрыцель. Тоўсты быў, здавалася, самаўпэўнены, рашучы чалавек. Ён аж зблажэў: бледны, пануры, быццам спалоханы. За ім памочнік — нахмураны, з рашучым выглядам; затым караул. Прайшлі паўз мае дзверы і спыніліся перад камерай побач. І чую — памочнік нейкім дзіўным голасам крычыць: „Лазінскі, уставайце, надзявайце чыстую бялізну“. Так. Потым чую, заскрыгаталі дзверы, яны прайшлі да яго, потым чую крокі Лазінскага: ён пайшоў у процілеглы бок калідора. Мне відаць было толькі сматрыцеля. Стаіць бледны і расшпільвае і зашпільвае гузік і паціскае плячыма. Так. Раптам быццам спалохаўся нечага, збочыў. Гэта Лазінскі прайшоў міма яго і падышоў да маіх дзвярэй. Прыгожы быў юнак, ведаеце, таго добрага польскага тыпу: шырокі, просты лоб з шапкай русых кучаравых тонкіх валасоў, надзвычайна прыгожыя блакітныя вочы. Гэткі дужы, сакавіты, здаровы быў юнак. Ён спыніўся перад маім акенцам, так што я бачыў усё яго аблічча. Страшнае хударлявае, шэрае аблічча: „Крыльцоў, папяросы ёсць?“ Я хацеў падаць яму, але памочнік, як быццам баючыся спазніцца, выхапіў свой партсігар і перадаў яму. Ён узяў адну папяроску, памочнік запаліў яму сярнічку. Ён пачаў курыць і як быццам задумаўся. Потым нібы ўспомніў нешта і пачаў гаварыць: „і жорстка і несправядліва. Я ніякага злачынства не зрабіў. Я…“ У белай маладой шыі яго, ад якой я не мог адарваць вачэй, нешта задрыжэла, і ён спы-