Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/411

Гэта старонка не была вычытаная

ніўся. Так. У гэты час, чую, Разоўскі з калідора крычыць нешта сваім тонкім яўрэйскім голасам. Лазінскі кінуў акурак і адышоў ад дзвярэй. І ў акенцы з‘явіўся Разоўскі. Дзіцячы твар з вільготнымі чорнымі вачыма быў чырвоным і потным. На ім была таксама чыстая бялізна, і нагавіцы былі занадта шырокія, і ён усё падцягваў іх абодвума рукамі і ўвесь дрыжэў. Ён наблізіў свой жалкі твар да майго акенца: „Анатолій Пятровіч, праўда-ж, што доктар прыпісаў мне грудны чай? Я нездаровы, я вып‘ю яшчэ груднога чаю“. Ніхто не адказваў, і ён з запытаннем глядзеў то на мяне, то на сматрыцеля. Што ён гэтым хацеў сказаць, я так і не зразумеў. Так. Раптам памочнік зрабіў строгі твар і зноў нейкім пісклявым голасам закрычаў: „Што за жарты? Хадзем“. Разоўскі, відавочна, няздольны быў зразумець тое, што яго чакала, і, як быццам спяшаючыся, пайшоў, амаль пабег, уперадзе ўсіх па калідоры. Але потым ён упёрся — я чуў яго прарэзлівы голас і плач. Пачалася мітусніна, тупат ног. Ён прарэзліва вішчэў і плакаў. Потым далей і далей, — зазвінелі дзверы калідора, і ўсё заціхла… Так. Так і павесілі. Вяроўкамі задушылі абодвух. Вартаўнік, другі, бачыў і расказваў мне, што Лазінскі не працівіўся, але Разоўскі доўга біўся, так што яго цягнулі на эшафот і сілком уклалі яму галаву ў пятлю. Так. Вартаўнік гэты быў дуркаваты хлапец. „Мне казалі, пане, што страшна. А нічога не страшна. Як павіслі яны — толькі два разы так плячыма, — ён паказаў, як сударгліва падняліся і апусціліся плечы. — Потым кат дзергануў, каб, значыцца, петлі нацягнуліся лепш, і аман: не ўздрыгнулі больш“. „Нічога не страшна“, — паўтарыў Крыльцоў словы вартаўніка і хацеў усміхнуцца, але замест усмешкі разрыдаўся.

Доўга пасля гэтага ён маўчаў, цяжка дыхаючы і глытаючы рыданні, што падступалі да яго горла.

— З той пары я і зрабіўся рэволюцыянерам. Так, — сказаў ён, супакоіўшыся, і каротка дасказаў сваю гісторыю.

Ён належаў да партыі народавольцаў і стаяў нават на чале дэзарганізацыйнай групы, якая мела мэтай тэрарызаваць урад так, каб ён сам адмовіўся ад улады і паклікаў народ. З гэтай мэтаю ён ездзіў то ў Пецербург, то за гра-