Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/413

Гэта старонка не была вычытаная

лічыў за лепшае ісці пехатою. Малады хлопец, плячысты асілак, парабак, у вялізных свежа-намазаных пахучым дзёгцем ботах, узяўся праводзіць. З неба ішла імгла, і было гэтак цёмна, што як толькі хлопец адыходзіў крокі на тры ў тых мясцінах, дзе не падала святло з акон, Нехлюдаў ужо не бачыў яго, а чуў толькі хлюпанне яго ботаў па вязкай глыбокай гразі.

Прайшоўшы плошчу з царквою і доўгую вуліцу, на якой ярка свяціліся вокны дамоў, Нехлюдаў услед за правадніком вышаў на край сяла ў непраглядную цемрадзь. Але неўзабаве і ў гэтай цемрадзі завіднеліся, разыходзячыся, у тумане, праменні ліхтароў, якія гарэлі каля этапа. Чырванаватыя плямы агнёў рабіліся ўсё большымі і святлейшымі, завіднеліся слупы агарожы, чорная постаць вартавога, паласаты слуп і будка. Вартавы аклікнуў іх звычайным: „хто ідзе?“ і, даведаўшыся, што не свае, зрабіўся такім строгім, што не хацеў дазволіць чакаць каля агарожы. Але правадніка Нехлюдава не збянтэжыла строгасць вартавога.

— Эх ты, дзядзька, сярдзіты які! — сказаў ён яму. — Ты гукні старшога, а мы пачакаем.

Вартавы, не адказваючы, пракрычаў нешта ў фортку і спыніўся, уважліва гледзячы на тое, як плячысты хлопец у святле ліхтара абчышчаў трэскай боты Нехлюдава ад наліплай гразі. За слупамі агарожы чуўся гул галасоў, мужчынскіх і жаночых. Мінуты праз тры зазвінела жалеза, фортка адчынілася, і з цемрадзі ў святло ліхтара вышаў старшой у шынелі напашкі і спытаў, што трэба. Нехлюдаў перадаў сваю загадзя загатаваную картачку з запіскай, у якой прасіў прыняць яго па асабістай справе, і прасіў перадаць афіцэру. Старшой не быў гэткім строгім, як вартавы, але затое асабліва цікаўным. Ён абавязкова хацеў ведаць, навошта Нехлюдаву трэба бачыць афіцэра і хто ён, відавочна прадбачачы спажыву і не жадаючы выпусціць яе. Нехлюдаў сказаў, што ёсць асаблівая справа, і ён аддзякуе, і прасіў перадаць запіску. Старшой узяў запіску і, кіўнуўшы галавой, пайшоў. Праз некаторы час пасля таго, як ён пайшоў, зноў зазвінела фортка, і з яе пачалі выходзіць