Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/414

Гэта старонка не была вычытаная

жанчыны з кашолкамі, туесамі, гладышамі і мяшкамі. Звонка гаворачы на сваёй асаблівай сібірскай гаворцы, ішлі яны цераз парог форткі. Усе яны былі апрануты не па-вясковаму, а па-гарадскому, у паліто і шубкі; спадніцы былі высока падтыканы, а галовы абвязаны хусткамі. Яны з цікаўнасцю аглядалі пры святле ліхтара Нехлюдава і яго правадніка. Адна-ж, пэўна ўзрадаваўшыся сустрэчы з плячыстым хлопцам, адразу-ж ласкава аблаяла яго па-сібірску.

— Ты, лесавік, што тут, каб на цябе немач, робіш? — звярнулася яна да яго.

— Вось праезджага праводзіў, — адказаў хлопец. — А ты што насіла?

— Малочнае, раніцой яшчэ загадалі прыходзіць.

— А начаваць не пакідалі? — запытаў хлапец.

— Чоб цябе „соскало“[1], брахун! — крыкнула яна, смеючыся. — Гайда да сяла разам, нас праводзь.

Праваднік яшчэ нешта сказаў ёй такое, што засмяяліся не толькі жанчыны, але і вартавы, і звярнуўся да Нехлюдава.

— Што-ж, знойдзеце адны? Не заблудзіце?

— Знайду, знайду.

— Як пройдзеце царкву, ад двухяруснага дома направа другі. Ды вось вам кіёк, — сказаў ён, аддаючы Нехлюдаву доўгі, вышэй яго кій, з якім ён ішоў, і, хлюпаючы сваімі вялізнымі ботамі, знік у цемрадзі разам з жанчынамі.

Яго голас, у перамешку з жаночымі, яшчэ чуўся з туману, калі зноў зазвінела фортка, і вышаў старшой, запрашаючы Нехлюдава за сабой да афіцэра.


VIII

Поўэтап знаходзіўся таксама, як і ўсе этапы і поўэтапы па сібірскай дарозе: на дварэ, акружаным завостранымі бярвеннямі-палямі, былі тры аднапавярховыя жылыя дамы. У адным, у самым вялікім, з кратчастымі вокнамі, знаходзіліся арыштанты, у другім — канвойная каманда, у трэцім —

  1. Каб цябе скруціла.