Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/415

Гэта старонка не была вычытаная

афіцэр і канцылярыя. Ва ўсіх трох дамах цяпер свяціліся агні, манліва абяцаючы нешта добрае, утульнае ў асветленых сценах. Перад ганкамі дамоў гарэлі ліхтары, і яшчэ ліхтароў пяць гарэлі каля сцен, асвятляючы двор. Унтэр-афіцэр падвёў Нехлюдава па дошцы да ганка меншага з дамоў. Падняўшыся на тры сходні, ён прапусціў яго наперад у асветлены лямпачкай прадпакой, які пахнуў чадам. Каля печы салдат у грубай кашулі і гальштуку і чорных нагавіцах, у адным боце з жоўтай халявай, схіліўшыся, раздзьмуваў самавар другой халявай. Убачыўшы Нехлюдава, салдат пакінуў самавар, зняў з Нехлюдава скураны плашч і ўвайшоў ва ўнутраны пакой.

— Прышоў, ваша благароддзе.

— Ну, пакліч, — пачуўся сярдзіты голас.

— У дзверы ідзіце, — сказаў салдат і адразу-ж зноў узяўся за самавар.

У другім пакоі, асветленым вісячай лямпай, за накрытым з рэшткамі абеду і двума бутэлькамі сталом сядзеў ў аўстрыйскай куртцы, якая аблягала яго шырокія грудзі і плечы, з вялікімі бялявымі вусамі і з вельмі чырвоным тварам афіцэр. У цёплым пакоі, апрача тытуновага паху, пахла яшчэ вельмі моцна нейкімі моцнымі кепскімі духамі. Убачыўшы Нехлюдава, афіцэр прыўстаў і як быццам глумліва і падазрона ўтаропіўся на яго.

— Чым магу служыць? — сказаў ён. — Берноў! Самавар, што-ж, будзе калі?

— Зараз.

— Вось я табе дам зараз, што будзеш памятаць! — крыкнуў афіцэр, бліснуўшы вачыма.

— Нясу! — пракрычаў салдат і ўвайшоў з самаварам.

Нехлюдаў пачакаў, пакуль салдат паставіў самавар (афіцэр праводзіў яго маленькімі злымі вачыма, нібы прыцэльваючыся, куды-б ударыць яго). Калі-ж самавар стаў на месца, афіцэр заварыў чай. Потым дастаў са скрынкі для пляшак чатырохвугольны графінчык з кан‘яком і бісквіты Альберт. Паставіўшы ўсё гэта на абрус, ён зноў звярнуўся да Нехлюдава.

— Дык чым магу служыць?