Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/417

Гэта старонка не была вычытаная

лёгкадумна і пагардліва абыходзіцца з якім-бы ні было чалавекам і лічыў неабходным з кожным чалавекам гаварыць „ва ўсю“, як ён сам з сабой азначаў гэту акалічнасць.

Выслухаўшы афіцэра і зразумеўшы яго душэўнае становішча ў тым сэнсе, што яму цяжка ўдзельнічаць у тыранстве падуладных яму людзей, ён сур‘ёзна сказаў:

— Я думаю, што ў вашай-жа дзейнасці можна знайсці збаўленне ў тым, каб аблягчаць пакуты людзей, — сказаў ён.

— Якія іхнія пакуты? Гэта-ж народ такі.

— Які-ж асаблівы народ? — сказаў Нехлюдаў. — Такі самы як усе. А ёсць і нявінныя.

— Зразумела, ёсць усякія. Канечне, шкадуеш. Іншыя нідзе палёгкі не дадуць, а я, дзе магу, стараюся аблягчыць. Няхай лепш я пацярплю, ды не яны. Іншыя, як што-небудзь не гэтак, адразу па закону, а то страляць, а я шкадую. — Жадаеце? — Калі ласка, — сказаў ён, наліваючы яшчэ чаю. — Яна хто, уласна, — жанчына, якую бачыць жадаеце? — запытаў ён.

— Гэта няшчасная жанчына, якая апынулася ў публічным доме, і там яе няправільна абвінавацілі ў атручэнні, а яна вельмі добрая жанчына, — сказаў Нехлюдаў.

Афіцэр паківаў галавой.

— Так, бывае. У Казані, я вам далажу, была адна, — Эмай звалі. Родам венгерка, а вочы сапраўдныя персідскія, — працягваў ён, не маючы сілы стрымаць усмешку пры гэтым успаміне. — Шыку было колькі, што нават графіні…

Нехлюдаў перабіў афіцэра і вярнуўся да ранейшай размовы.

— Я думаю, што вы можаце аблягчыць становішча такіх людзей, пакуль яны пад вашай уладай. І, робячы гэтак, я ўпэўнен, што вы знайшлі-б вялікую радасць, — сказаў Нехлюдаў, стараючыся вымаўляць, як мага выразна, так, як гавораць з іншаземцамі або дзяцьмі.

Афіцэр глядзеў на Нехлюдава бліскучымі вачыма і, відавочна, чакаў з нецярплівасцю, калі ён скончыць, каб расказаць далей пра венгерку з персідскімі вачыма, якая, відавочна, жыва ўяўлялася яму і паглынала ўсю яго ўвагу.