Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/419

Гэта старонка не была вычытаная

што ўбачыў Нехлюдаў, была жанчына, якая сядзела на краі кадкі. Насупраць яе — мужчына з насунутай набок на паголенай галаве шапкай, падобнай на блін. Яны аб нечым гутарылі. Арыштант, убачыўшы Нехлюдава, падміргнуў вокам і сказаў:

— І цар вады не стрымае.

Жанчына-ж апусціла крысы халата і збянтэжылася.

З сенцаў ішоў калідор, у які адчыняліся дзверы камер. Першая была камера сямейных, потым вялікая камера халастых і ў канцы калідора дзве маленькія камеры, прызначаныя для палітычных. Памяшканне этапа, прызначанае на 150 чалавек, памяшчаючы 450, было гэткім цесным, што арыштанты, не знаходзячы месца ў камерах, напаўнялі калідор. Адны сядзелі і ляжалі на падлозе, другія рухаліся ўзад і ўперад з пустымі і напоўненымі кіпятком чайнікамі. У ліку гэтых быў Тарас. Ён дагнаў Нехлюдава і ласкава прывітаўся з ім. Добры твар Тараса быў скалечан сінебарвовымі падцёкамі на носе і пад вокам.

— Што гэта з табой? — спытаў Нехлюдаў.

— Была справа такая, — сказаў Тарас, усміхаючыся.

— Ды б‘юцца ўсё, — пагардліва сказаў канвойны.

— З-за бабы, — дадаў арыштант, што ішоў услед за імі, — з Федзькам сляпым пабіліся.

— А Фядос‘я як? — спытаў Нехлюдаў.

— Дармо, здаровая, вось ёй на чай кіпяток нясу, — сказаў Тарас і ўвайшоў у сямейную камеру.

Нехлюдаў заглянуў у дзверы. Уся камера была запоўнена жанчынамі і мужчынамі і на нарах і пад нарамі. У камеры стаяла пара ад мокрай вопраткі, якая сохла, і чуўся нязмоўклы крык жаночых галасоў. Наступныя дзверы былі дзверы камеры халастых. Гэта была яшчэ больш запоўнена, і нават у самых дзвярах, і выступаючы ў калідор, стаялі шумным натоўпам арыштанты ў мокрай вопратцы, якія нешта дзялілі або рашалі. Канвойны растлумачыў Нехлюдаву, што гэта стараста выдаваў узятыя або прайграныя ўперад па білеціках, зробленых з карт, кармавыя грошы майданшчыку. Убачыўшы унтэр-афіцэра і пана, тыя, што стаялі бліжэй, замаўчалі, няласкава аглядаючы іх. У ліку