Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/42

Гэта старонка не была вычытаная

— Вельмі добра.

— Кацярына Маслава, — пачаў старшыня, звяртаючыся да трэцяй падсуднай, — вы абвінавачваецеся ў тым, што, прыехаўшы з публічнага дома ў нумар гасцініцы „Маўрытанія“ з ключом ад чамадана купца Смелькова, вы ўкралі з гэтага чамадана грошы і пярсцёнак, — гаварыў ён, як завучаны ўрок, схіляючы тым часам вуха да члена злева, які казаў, што па спісе рэчавых доказаў нехапае шклянкі. Укралі з чамадана грошы і пярсцёнак, паўтарыў старшыня, — і, падзяліўшы пакрадзенае і потым прыехаўшы з купцом Смельковым у гасцініцу „Маўрытанія“, вы далі Смелькову выпіць віна з атрутай, ад якой ён памёр. Ці прызнаеце вы сябе вінаватай?

— Ні ў чым не вінавата, — хутка загаварыла яна, — як спачатку казала, гэтак і цяпер кажу: не брала, не брала і не брала, нічога я не брала, а пярсцёнак ён мне сам даў…

— Вы не прызнаеце сябе вінаватай у крадзяжы 2500 рублёў грошай? — сказаў старшыня.

— Кажу, нічога не брала, апрача 40 рублёў.

— Ну, а ў тым, што далі купцу Смелькову парашкі ў віне, прызнаеце сябе вінаватай?

— У гэтым прызнаю. Толькі я думала, як мне казалі, што яны сонныя, што ад іх нічога не будзе. Не думала і не хацела. Перад богам кажу — не хацела, — сказала яна.

— Значыць, вы не прызнаеце сябе вінаватай у крадзяжы грошай і пярсцёнка купца Смелькова, — сказаў старшыня. — Але прызнаеце, што далі парашкі?

— У гэтым, значыць, прызнаю, толькі я думала, сонныя парашкі. Я дала толькі, каб ён заснуў, — не хацела і не думала.

— Вельмі добра, — сказаў старшыня, відаць задаволены дасягнутымі вынікамі. — Дык раскажыце, як адбывалася справа, — сказаў ён, аблакочваючыся на спінку і кладучы дзве рукі на стол. — Раскажыце ўсё, як было. Вы можаце шчырым прызнаннем аблягчыць сваё становішча.

Маслава, усё так-жа проста гледзячы на старшыню, маўчала.

— Раскажыце, як была справа.