Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/420

Гэта старонка не была вычытаная

тых, што дзялілі, Нехлюдаў заўважыў знаёмага катаржнага Фёдарава, які заўсёды трымаў пры сабе ўбогага, з паднятымі бровамі, белага, нібы апухлага маладога хлопца і яшчэ брыдкага, з рабаціннем, бязносага валацугу, вядомага тым, што ён у часе пабегу ў тайзе нібыта забіў таварыша і еў яго мяса. Валацуга стаяў у калідоры, накінуўшы на адно плячо мокры халат, і глумліва і дзерзка глядзеў на Нехлюдава, не збочыўшы перад ім. Нехлюдаў абышоў яго.

Як ні знаёма было Нехлюдаву гэта відовішча, як ні часта бачыў ён на працягу гэтых трох месяцаў усіх тых самых 400 чалавек крымінальных арыштантаў у самых рознастайных становішчах: і ў спякоце, у хмары пылу, што яны ўзнімалі нагамі, якія цягнулі за сабой ланцугі, і на прывалах у дарозе, і на этапах цёплаю парою на дварэ, дзе адбываліся жудасныя сцэны адкрытай распусты, ён усё такі кожны раз, калі ўваходзіў у сярэдзіну іх і адчуваў, як цяпер, што ўвага іх звернута на яго, перажываў балючае пачуццё сораму і разумення сваёй вінаватасці перад імі. Самым цяжкім для яго было тое, што да гэтага пачуцця сораму і вінаватасці прымешвалася яшчэ непераможнае пачуццё агіднасці і жаху. Ён ведаў, што ў тым становішчы, у якое яны былі пастаўлены, нельга было не быць такімі, як яны, і ўсё-такі не мог перамагчы сваёй агіднасці да іх.

— Ім добра, дармаедам, — пачуў Нехлюдаў, калі ён ужо падыходзіў да дзвярэй палітычных, — што ім, чарцям, робіцца; пуза не забаліць, — сказаў нейчы хрыплы голас, дадаўшы яшчэ непрыстойную лаянку.

Пачуўся няласкавы, глумлівы рогат.


X

Прайшоўшы камеру халастых, унтэр-афіцэр, праважаты Нехлюдава, сказаў яму, што прыдзе да яго перад паверкай, і вярнуўся назад. Толькі унтэр-афіцэр адышоўся, як да Нехлюдава хуткай, босай хадой, прытрымліваючы кайданы, зусім блізка падышоў, абдаючы яго цяжкім і кіслым пахам поту, арыштант і таемным шэптам прагаварыў: