Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/422

Гэта старонка не была вычытаная

а ён, чалавек, адным імпэтам саскочыў з саней, ухапіў мяне за рукі. „Што ты, кажа, душагуб, робіш?..“ Паваліў мяне на снег, і не бароўся я, сам даўся. Звязаў ён мне рукі поясам, кінуў у сані. Павёз проста ў стан. Пасадзілі ў турму. Судзілі. Вобчаства ўхваліла, што чалавек добры, і дрэннага нічога не рабіў. Гаспадар, у якога жыў, таксама ўхваліў. Ды аблаката наняць не было за што, — гаварыў Макар, — і таму засудзілі на чатыры гады.

І вось цяпер гэты чалавек, жадаючы выратаваць земляка, ведаючы, што ён гэтымі словамі рызыкуе жыццём, усё-ж такі перадаў Нехлюдаву арыштанцкую тайну, завошта, — калі-б толькі даведаліся, што ён зрабіў гэта, — абавязкова-б задушылі яго.


XI

Памяшканне палітычных складалася з двух маленькіх камер, дзверы якіх выходзілі ў адгароджаную частку калідора. Увайшоўшы ў адгароджаную частку калідора, Нехлюдаў убачыў Сімансона з сасновым паленам у руцэ, які сядзеў у сваёй куртцы на карачках перад засланкай, якая дрыжэла і ўцягвалася жарам распаленай печы.

Убачыўшы Нехлюдава, ён, не ўстаючы, гледзячы знізу ўверх з-пад сваіх навіслых броваў, падаў руку.

— Я рады, што вы прышлі, мне трэба вас бачыць, — сказаў ён са значным выглядам, проста гледзячы ў вочы Нехлюдаву.

— А што іменна? — спытаў Нехлюдаў.

— Пасля. Цяпер я заняты.

І Сімансон зноў узяўся за печку, якую паліў па сваёй асаблівай тэорыі найменшай траты цеплавой энергіі.

Нехлюдаў ужо хацеў прайсці ў першыя дзверы, калі з другіх дзвярэй, схіліўшыся, з венікам у руцэ, якім яна падсоўвала да печкі вялікую кучку смецця і пылу, вышла Маслава. Яна была ў белай кофтачцы, падаткнутай спадніцы і панчохах. Галава яе па самыя бровы была ад пылу абвязана белай хусткай. Убачыўшы Нехлюдава, яна выпрасталася і, уся чырвоная і ажыўленая, паклала венік і, выцершы руку аб спадніцу, проста спынілася перад ім.