Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/424

Гэта старонка не была вычытаная

Тут-жа была ў цяні, у далёкім кутку, і Мар‘я Паўлаўна, якая нешта рабіла з маленькай белагаловай дзяўчынкай, якая няспынна лапатала сваім мілым дзіцячым галаском.

— Як добра, што вы прышлі! Бачылі Кацю? — спытала яна Нехлюдава. — А ў нас вось якая госця. — Яна паказала на дзяўчынку.

Тут-жа быў і Анатолій Крыльцоў. Схудалы і бледны, з падкурчанымі пад сябе нагамі ў валёнках, ён, згорбіўшыся і дрыжучы, сядзеў у далёкім кутку нар і, засунуўшы рукі ў рукавы кажушка, ліхарадачнымі вачыма глядзеў на Нехлюдава. Нехлюдаў хацеў падыйсці да яго, але направа ад дзвярэй, разбіраючы нешта ў мяшку і гутарачы з прыгожанькай Грабец, якая ўсміхалася, сядзеў кучаравы рыжаваты чалавек у акулярах і гутаперчавай куртцы. Гэта быў славуты рэволюцыянер Новадвораў, і Нехлюдаў паспяшаўся прывітацца з ім. Ён асабліва паспяшаўся гэта зрабіць таму, што з усіх палітычных гэтай партыі адзін гэты чалавек быў непрыемны яму. Новадвораў бліснуў праз акуляры сваімі блакітнымі вачыма на Нехлюдава і, нахмурыўшыся, падаў яму сваю вузкую руку.

— Што-ж, прыемна падарожнічаеце? — сказаў ён, відавочна, іранічна.

— Але, багата цікавага, — адказаў Нехлюдаў, робячы выгляд, што не бачыць іроніі, а прымае гэта за ветлівасць, і падышоў да Крыльцова. Выглядам Нехлюдаў выказаў абыякавасць, але ў душы ён далёка не быў абыякавым да Новадворава. Гэтыя словы Новадворава, яго відавочнае жаданне сказаць і зрабіць непрыемнае парушылі той добры настрой, у якім знаходзіуся Нехлюдаў. І яму зрабілася нудна і сумна.

— Што, як здароўе? — сказаў ён, паціскаючы халодную руку Крыльцова, якая дрыжэла.

— Ды нічога, не сагрэюся толькі, прамок, — сказаў Крыльцоў, паспешна хаваючы руку ў рукаў кажушка, — тут сабачы холад. Вось вокны пабітыя. — Ён паказаў на пабітыя ў двух месцах шыбы за жалезнымі кратамі. — Што вы, чаму не былі?

— Не пускаюць, строгае начальства. Сёння толькі афіцэр трапіўся далікатны.