Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/425

Гэта старонка не была вычытаная

— Ну і далікатны! — сказаў Крыльцоў. — Спытайце ў Машы, што ён уранні рабіў.

Мар‘я Паўлаўна, не ўстаючы з свайго месца, расказала тое, што было з дзяўчынкай уранні пры выхадзе з этапа.

— На маю думку, неабходна заявіць калектыўны пратэст, — рашучым голасам сказала Вера Ефрэмаўна, разам з тым нерашуча і спалохана пазіраючы на твар то аднаго, то другога. — Владзімір заявіў, але гэтага мала.

— Які пратэст? — нездаволена маршчынячыся, сказаў Крыльцоў. Відавочна, няшчырасць, штучнасць тону і нервовасць Веры Ефрэмаўны ўжо даўно раздражалі яго. — Вы Кацю шукаеце? — звярнуўся ён да Нехлюдава. — Яна ўсё працуе, чысціць. Гэты вычысціла, наш — мужчынскі; цяпер жаночы. Толькі блох ужо не вычысціць, ядуць поедам.

— А Маша што там робіць? — спытаў ён, паказваючы галавой на кут, у якім была Мар‘я Паўлаўна.

— Чэша сваю прыёмную дачку, — сказала Ранцэва.

— А вошай яна не распусціць на нас? — сказаў Крыльцоў.

— Не, не, я акуратна. Яна цяпер чысценькая, — сказала Мар‘я Паўлаўна. — Вазьміце яе, — звярнулася яна да Ранцэвай, — а я пайду памагаць Каці. Ды і плед яму прынясу.

Ранцэва ўзяла дзяўчынку і, з матчынай пяшчотнасцю прыціскаючы да сябе голенькія і пухленькія ручкі дзіцяці, пасадзіла да сябе на калені і дала ёю кавалак цукру.

Мар‘я Паўлаўна вышла, а ўслед за ёю ў камеру ўвайшлі два чалавекі з кіпятком і правізіяй.


XII

Адзін з іх быў невысокі, хударлявы малады чалавек у абшытым кажушку і высокіх ботах. Ён ішоў лёгкай і шпаркай хадою, несучы два вялікія чайнікі з гарачай вадою і прытрымліваючы падпахай загорнуты ў хустку хлеб.

— Ну, вось і князь наш з‘явіўся, — сказаў ён, ставячы чайнік сярод чашак і перадаючы хлеб Маславай. — Цудоўных рэчаў мы накуплялі, — сказаў ён, скідаючы кажушок і кідаючы яго цераз голавы ў кут нараў. — Маркел малака і яек купіў; проста баль сёння будзе. А Кірылаўна ўсё сваю