Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/426

Гэта старонка не была вычытаная

эстэтычную чыстату наводзіць, — сказаў ён усміхаючыся, гледзячы на Ранцэву. — Ну, цяпер заварвай чай, — звярнуўся ён да яе.

Ад усяго выгляду гэтага чалавека, ад яго рухаў, гуку яго голаса, погляду павявала бадзёрасцю і вясёласцю. Другі-ж з тых, што ўвайшлі — таксама невысокі, кастлявы, з вельмі выпятымі косткамі худых шчок шэрага твара, з чароўнымі зеленаватымі шырока расстаўленымі вачыма і тонкімі губамі — быў чалавек, наадварот, з панурым і сумным выглядам. На ім было старае ватняе паліто і боты з галошамі. Ён нёс два гаршкі і два туесы. Паставіўшы перад Ранцэвай сваю ношу, ён пакланіўся Нехлюдаву шыяй, так што, кланяюсчыся, не перастаючы глядзеў на яго. Потым, неахвотна падаўшы яму потную руку, ён павольна пачаў расстаўляць, вымаючы з кашолкі, правізію.

Абодва гэтыя палітычныя былі людзьмі з народу: першы быў селянін Набатаў, другі быў фабрычны Маркел Кандрац‘еў. Маркел далучыўся да рэволюцыйнага руху ўжо паджылым трыццаціпяцігадовым чалавекам; Набатаў-жа з восемнаццаці год. Патрапіўшы з вясковай школы дзякуючы сваім выдатным здольнасцям у гімназію, Набатаў, жывучы ўвесь час урокамі, скончыў курс з залатым медалем, але не пайшоў ва універсітэт, таму што яшчэ ў VII класе парашыў, што пойдзе ў народ, з якога вышаў, каб вучыць сваіх забытых братоў. Ён так і зрабіў: спачатку паступіў пісарам у вялікае сяло, але скора яго арыштавалі за тое, што чытаў сялянам кніжкі і арганізаваў сярод іх спажывецкае і вытворчае таварыства. Першы раз яго пратрымалі ў турме 8 месяцаў і выпусцілі пад тайны нагляд. Вызваліўшыся, ён адразу-ж паехаў у другую губерню, у другое сяло і, паступіўшы там настаўнікам, рабіў тое самае. Яго зноў узялі і гэты раз пратрымалі год і два месяцы ў турме, і ў турме ён яшчэ ўмацаваўся ў сваіх перакананнях.

Пасля другой турмы яго саслалі ў Пермскую губерню. Ён уцёк адтуль. Яго зноў узялі і, пратрымаўшы 7 месяцаў, выслалі ў Архангельскую губерню. Адтуль за адмаўленне ад прысягі новаму цару яго прысудзілі да высылкі ў Якуцкую вобласць; так што ён пражыў палову дарослага жыцця