Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/428

Гэта старонка не была вычытаная

У рэлігійных адносінах ён быў таксама тыповым селянінам: ніколі не думаў аб метафізічных пытаннях, аб пачатку ўсіх пачаткаў, аб загробным жыцці. Бог быў для яго, як і для Араго, гіпотэзай, у якой ён дагэтуль не меў патрэбы. Яго зусім не цікавіла, якім чынам пачаўся свет, па Маісею або Дарвіну, і дарвінізм, які здаваўся гэткім важным яго таварышам, для яго быў такой самай цацкай думкі, як і стварэнне ў 6 дзён.

Яго не цікавіла пытанне аб тым, як узнік свет, іменна таму, што пытанне аб тым, як лепей жыць на ім, заўсёды стаяла перад ім. Аб будучым жыцці ён таксама ніколі не думаў, у глыбіні сваёй душы хаваючы тое атрыманае ім у спадчыну ад продкаў цвёрдае спакойнае перакананне, агульнае ўсім земляробам, што як у свеце жывёл і раслін нішто не канчаецца, а заўсёды перарабляецца з адной формы ў другую — гной у зерне, зерне ў курыцу, галавасцік у жабу, чарвяк у матыля, жолуд у дуб, гэтак і чалавек не знішчаецца, але толькі змяняецца. Ён верыў у гэта і таму бадзёра і нават весела заўсёды глядзеў у вочы смерці і цвёрда пераносіў пакуты, якія вядуць да яе, але не любіў і не ўмеў гаварыць аб гэтым. Ён любіў працаваць і заўсёды быў заняты практычнымі справамі і на такія-ж практычныя справы наводзіў таварышоў.

Другі палітычны арыштант у гэтай партыі з народу, Маркел Кандрац‘еў, быў чалавек іншага кірунку думак. З пятнаццаці год ён паступіў на работу і пачаў курыць і піць, каб заглушыць цмянае адчуванне крыўды. Крыўду гэту ён адчуў упершыню, калі на каляды іх, дзяцей, прывялі на ёлку, наладжаную жонкай фабрыканта, дзе яму з таварышамі падарылі дудачку цаной у адну капейку, яблык, пазалочаны арэх і вінную ягаду, а дзецям фабрыканта — цацкі, якія здаліся яму падарункамі чараўніцы і каштавалі, як ён пасля даведаўся, больш чым 50 рублёў. Яму было дваццаць год, калі на фабрыку паступіла роботніцай славутая рэволюцыянерка і, заўважыўшы выдатныя здольнасці Кандрац‘ева, пачала даваць яму кнігі, брашуры і гаварыць з ім, тлумачачы яму яго становішча і прычыны яго і сродкі яго палепшыць. Калі ён ясна ўявіў сабе магчымасць вызва-