Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/43

Гэта старонка не была вычытаная

— Як была? — раптам хутка пачала Маслава. — Прыехала ў гасцініцу, прывялі мяне ў нумар, там ён быў, і ўжо вельмі п‘яны. — Яна з асаблівым выразам жаху, шырока расплюшчваючы вочы, вымавіла слова ён. — Я хацела паехаць, ён не пусціў.

Яна замаўчала, нібы раптам згубіўшы думку або прыгадаўшы аб іншым.

— Ну, а потым?

— Што-ж потым? Потым пабыла і паехала дамоў.

У гэты час таварыш пракурора прыўзняўся напалову, ненатуральна абапіраючыся на адзін локаць.

— Вы жадаеце зрабіць запытанне? — сказаў старшыня і, на сцвярджальны адказ таварыша пракурора, жэстам паказаў яму, што ён можа запытваць.

— Я жадаў-бы запытаць: ці была падсудная знаёма з Сімонам Карцінкіным раней? — сказаў таварыш пракурора, не гледзячы на Маславу.

І, зрабіўшы запытанне, сціснуў вусны і нахмурыўся. Старшыня паўтарыў запытанне. Маслава спалохана ўтаропілася ў таварыша пракурора.

— З Сімонам? Была, — сказала яна.

— Я-б жадаў ведаць цяпер, у чым заключалася гэта знаёмства падсуднай з Карцінкіным. Ці часта яны бачыліся паміж сабой?

— У чым знаёмства? Запрашаў мяне да гасцей, а не знаёмства, — адказала Маслава, трывожна пераводзячы вочы з таварыша пракурора на старшыню і назад.

— Я жадаў-бы ведаць, чаму Карцінкін запрашаў да гасцей выключна Маславу, а не іншых дзяўчат, — зажмурыўшыся, але з лёгкай, мефістофельскай хітрай усмешкай запытаў таварыш пракурора.

— Я не ведаю. Адкуль я ведаю, — адказала Маслава, спалохана азірнуўшыся вакол сябе і на момант спыніўшыся поглядам на Нехлюдаве: — каго хацеў, таго і запрашаў.

„Няўжо апазнала?“ з жахам падумаў Нехлюдаў, адчуваючы, як кроў прылівала яму да твара; але Маслава, не вылучаючы яго ад іншых, адразу-ж адвярнулася і зноў са спалоханым тварам утаропілася ў таварыша пракурора.