Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/431

Гэта старонка не была вычытаная

і нязгодныя, па-рознаму пераплеценыя імкненні адзін да аднаго. Яны амаль усе былі закаханы. Новадвораў быў закаханы ў прыгожанькую Грабец, якая заўсёды ўсміхалася. Грабец гэта была маладзенькая курсістка. Яна вельмі мала думала і зусім абыякава ставілася да пытанняў рэволюцыі. Але яна падпала пад уплыў часу, нечым скампраметавала сябе, і яе саслалі. Як на волі галоўныя інтарэсы яе жыцця былі ў поспехах сярод мужчын, таксама гэта было і на допытах, і ў турме, і ў ссылцы. Цяпер, у часе пераходу, яна ўцяшалася тым, што Новадвораў захапіўся ёю, і сама закахалася ў яго. Вера Ефрэмаўна, якая была вельмі ўлюбчывая і не выклікала да сябе кахання, але спадзявалася на ўзаемнасць, была закахана то ў Набатава, то ў Новадворава. Нешта падобнае на закаханасць было з боку Крыльцова да Мар‘і Паўлаўны. Ён кахаў яе, як мужчыны кахаюць жанчын, але, ведаючы яе адносіны да кахання, умела хаваў свае пачуцці пад шыльдай дружбы і ўдзячнасці за тое, што яна з асаблівай пяшчотнасцю даглядала яго. Набатаў і Ранцэва былі звязаны вельмі складанымі любоўнымі адносінамі. Як Мар‘я Паўлаўна была зусім чыстая нявінная дзяўчына, так Ранцэва была цалкам чыстая мужняя жонка-жанчына.

Шаснаццаці год, яшчэ ў гімназіі, яна пакахала Ранцэва, студэнта пецербургскага універсітэта, і 19-ці год вышла за яго замуж, пакуль яшчэ ён быў ва універсітэце. З чацвертага курса мужа яе, замешанага ва універсітэцкай гісторыі, выслалі з Пецербурга, і ён зрабіўся рэвалюцыянерам. Яна-ж пакінула медычныя курсы, на якіх займалася, паехала за ім і таксама зрабілася рэволюцыянеркай. Калі-б яе муж не быў тым чалавекам, якога яна лічыла самым добрым, самым разумным з усіх людзей на свеце, яна-б не пакахала яго, а не пакахаўшы, не вышла-б замуж. Але, раз пакахаўшы і вышаўшы замуж за самага, па яе перакананнях, добрага і разумнага чалавека на свеце, яна, канечне, разумела жыццё і мэту яго якраз таксама, як разумеў яго самы добры і разумны чалавек на свеце. Ён спачатку разумеў жыццё ў тым, каб вучыцца, і яна ў тым самым разумела. Ён зрабіўся рэволюцыянерам, і яна зрабілася рэволюцыянеркай. Яна вельмі добра магла даказваць, што існуючы лад немаг-