Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/433

Гэта старонка не была вычытаная

хоўваючыся да размовы. — Масы заўсёды абажаюць толькі ўладу, — сказаў ён сваім траскатлівым голасам. — Урад пануе — яны абажаюць яго і ненавідзяць нас; заўтра мы будзем мець уладу — яны будуць абажаць нас…

У гэты час з-за сцяны пачуўся выбух лаянкі, таўханіна і ўдары ў сцяну, звон ланцугоў, віск і крыкі. Некага білі, нехта крычаў: „ратуйцеі!“

— Вось яны зверы! Якія-ж могуць быць дачыненні паміж намі і імі? — спакойна сказаў Новадвораў.

— Ты гаворыш — зверы. А вось толькі што Нехлюдаў расказваў пра такі ўчынак, — нервова сказаў Крыльцоў, і ён расказаў пра тое, як Макар рызыкуе жыццём, ратуючы земляка. — Гэта ўжо не зверства, а геройства.

— Сентыментальнасць! — іранічна сказаў Новадвораў. — Нам цяжка зразумець эмоцыі гэтых людзей і матывы іхніх учынкаў. Ты бачыш тут велікадушнасць, а тут можа зайздрасць да таго, катаржніка.

— Як гэта ты не хочаш у іншым бачыць нічога добрага, — раптам разгарачыўшыся, сказала Мар‘я Паўлаўна (яна была на „ты“ з усімі).

— Нельга бачыць таго, чаго няма.

— Як няма, калі чалавеку пагражае жудасная смерць?

— Я думаю, — сказаў Новадвораў, — што калі мы хочам рабіць сваю справу, дык першая для гэтага ўмова (Кандрац‘еў пакінуў кнігу, якую ён чытаў каля лямпы, і ўважліва пачаў слухаць свайго настаўніка) тое, каб не фантазіраваць, а глядзець на рэчы, як яны ёсць. Рабіць усё для мас народу, але не чакаць нічога ад іх; масы з‘яўляюцца аб‘ектам нашай дзейнасці, але не могуць быць нашымі супрацоўнікамі да тае пары, пакуль яны будуць інертнымі, як цяпер, — пачаў ён як быццам чытаў лекцыю. — І таму зусім ілюзорна чакаць ад іх дапамогі да тае пары, пакуль не адбыўся працэс развіцця, той працэс развіцця, да якога мы падрыхтоўваем іх.

— Які працэс развіцця, — расчырванеўшыся, загаварыў Крыльцоў. — Мы гаворым, што мы супроць гвалту і дэспатызма, хіба гэта не самы жудасны дэспатызм?

— Няма ніякага дэспатызма, — спакойна адказаў Нова-