Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/435

Гэта старонка не была вычытаная

нік — былі вялікія; але думка яго пра сябе — яго назоўнік — была непамерна вялікай і даўно перарасла ўжо яго разумовыя сілы.

Гэта быў чалавек зусім процілеглага складу ўнутранага жыцця, як Сімансон. Сімансон быў адным з тых людзей, пераважна мужчынскага складу, у якіх учынкі вынікаюць з дзейнасці думкі і азначаюцца ёю. Новадвораў-жа належаў да роду людзей пераважна жаночага складу, у якіх дзейнасць думкі накіравана часткова на дасягненне мэт, пастаўленых пачуццём, часткова-ж на апраўданне ўчынкаў, выкліканых пачуццём.

Уся рэволюцыйная дзейнасць Новадворава, не гледзячы на тое, што ён умеў красамоўна тлумачыць яе вельмі пераканаўчымі довадамі, здавалася Нехлюдаву абгрунтаванай толькі жаданнем славы, жаданнем мець перавагу над людзьмі. Спачатку, дзякуючы сваёй здольнасці схопліваць чужыя думкі і дакладна перадаваць іх, ён у перыяд навучання, у асяроддзі тых, хто вучыць і тых, хто вучыцца, дзе гэта здольнасць высока цэніцца (гімназія, універсітэт і магістэрства), меў перавагу, і ён быў задаволены. Але калі ён атрымаў дыплом і скончыў вучыцца, і страціў гэту перавагу, ён раптам, як гэта расказваў Нехлюдаву Крыльцоў, які не любіў Новадворава, для таго, каб атрымаць перавагу ў новай сферы, зусім змяніў свае погляды і з памяркоўнага ліберала зрабіўся чырвоным, народавольцам. Дзякуючы адсутнасці ў яго характары ўласцівасцей маральных і эстэтычных, якія выклікаюць сумненні і хістанні, ён вельмі хутка заняў у рэволюцыйным свеце становішча кіраўніка партыі, якое задавальняла яго гонар. Раз абраўшы кірунак, ён ужо ніколі не меў сумненняў і не хістаўся, і таму быў упэўнены, што ніколі не памыляўся. Усё яму здавалася надзвычайна простым, зразумелым, бясспрэчным. І пры вузкасці і аднабаковасці яго погляду, усё сапраўды было вельмі простым і зразумелым, і трэба было толькі, як ён казаў, быць лагічным. Самаўпэўненасць яго была гэткай вялікай, што яна магла толькі адштурхваць ад сябе людзей ці падначальваць сабе. А таму што дзейнасць яго праходзіла сярод вельмі маладых людзей, якія прымалі яго