Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/436

Гэта старонка не была вычытаная

бязмежную самаўпэўненасць за глыбокадумнасць і мудрасць, большасць падначальвалася яму, і ён меў вялікі поспех у рэволюцыйных колах. Дзейнасць яго была ў падрыхтоўцы да паўстання, у якім ён павінен быў захапіць уладу і склікаць сабор. На саборы-ж павінна была быць прапанавана складзеная ім праграма, і ён быў цалкам упэўнены, што праграма гэта вырашала ўсе пытанні, і нельга было не выканаць яе.

Таварышы паважалі яго за яго смеласць і рашучасць, але не любілі. Ён-жа нікога не любіў і да ўсіх выдатных ставіўся як да канкурэнтаў, і з ахвотаю зрабіў-бы з імі, як старыя самцы-малпы робяць з маладымі, каб мог. Ён вырваў-бы ўвесь розум, усе здольнасці ў іншых людзей, абы яны не перашкаджалі праяўленню яго здольнасцей. Ён ставіўся добра толькі да людзей, якія схіляліся перад ім. Так ён ставіўся цяпер, у дарозе, да распрапагандаванага ім рабочага Кандрац‘ева, да Веры Ефрэмаўны і да прыгожанькай Грабец, якія абедзве былі закаханы ў яго. Хаця ён прынцыпова і быў за жаночае пытанне, але ў глыбіні душы лічыў усіх жанчын дурнымі і нікчэмнымі, за выключэннем тых, у якіх часта бываў сентыментальна закаханы так, як цяпер быў закаханы ў Грабец, і тады лічыў іх незвычайнымі жанчынамі, выдатныя якасці якіх умеў заўважыць толькі ён.

Пытанне аб дачыненнях палоў здавалася яму, як і ўсе пытанні, вельмі простым і зразумелым і зусім вырашаным прызнаннем свабоднага кахання.

У яго была адна жонка фіктыўная, другая сапраўдная, з якою ён разышоўся, пераканаўшыся, што паміж імі няма сапраўднага кахання, і цяпер збіраўся ўступіць у новы свабодны шлюб з Грабец.

На Нехлюдава ён глядзеў з пагардай за тое, што ён „крыўляецца“, як ён казаў, з Маславай, і асабліва за тое, што ён дазваляе сабе думаць аб недахопах існуючага ладу і спосабах паляпшэння яго не толькі не слова ў слова таксама, як думаў ён, Новадвораў, але нават неяк па-свойму, па-княжаску, г. зн. па-дурному. Нехлюдаў ведаў гэты погляд на сябе Новадворава і, на вялікі жаль свой, адчуваў, што,