Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/438

Гэта старонка не была вычытаная

— Калі ласка, пакіньце, — сказаў старшой, спыніўшыся ў дзвярах, і вышаў разам з унтэр-афіцэрам.

Як толькі канвойныя вышлі, Набатаў падышоў да Бузоўкіна і, дакранаючыся да яго пляча, сказаў:

— А што, браце, праўда, у вас Карманаў памяняцца хоча?

Добрадушны, ласкавы твар Бузоўкіна раптам зрабіўся сумным, і вочы яго зацягнуліся нейкай плёнкай.

— Мы не чулі. Мабыць, няпраўда, — сказаў ён і, не здымаючы з вачэй сваіх плёнкі, дадаў: — Ну, Аксютка, пануй, відаць, з панямі, — і паспяшыў выйсці.

— Усё вёдае, і праўда, што памяняліся, — сказаў Набатаў. — Што-ж вы зробіце?

— Скажу ў горадзе начальству. Я іх абодвух ведаю ў твар, — сказаў Нехлюдаў.

Усе маўчалі, відавочна, баючыся аднаўлення спрэчак.

Сімансон, які ўвесь час моўчкі, закінуўшы рукі за галаву, ляжаў у кутку на нарах, рашуча ўстаў і, абышоўшы асцярожна тых, што сядзелі, падышоў да Нехлюдава.

— Можаце цяпер выслухаць мяне?

— Зразумела, — сказаў Нехлюдаў, і ўстаў, каб ісці за ім.

Зірнуўшы на Нехлюдава і сустрэўшыся з ім вачыма, Кацюша пачырванела і нібы не зусім разумеючы паківала галавой.

— Справа мая да вас у наступным, — пачаў Сімансон, калі яны разам з Нехлюдавым вышлі ў калідор. У калідоры асабліва чулася гудзенне і выбухі галасоў сярод крымінальных. Нехлюдаў паморшчыўся, але на Сімансона, відаць, не дзейнічала гэта. — Ведаючы вашы дачыненні да Кацярыны Міхайлаўны, — пачаў ён, уважліва і проста сваімі добрымі вачыма гледзячы ў твар Нехлюдава, — лічу сябе абавязаным, — працягваў ён, але павінен быў спыніцца, таму што каля самых дзвярэй два галасы крычалі разам, аб нейчым спрачаючыся:

— Кажуць табе, ідал: не мае! — крычаў адзін голас.

— Падавішся, чорт, — хрыпеў другі.

У гэты час Мар‘я Паўлаўна вышла ў калідор.