Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/44

Гэта старонка не была вычытаная

— Падсудная адмаўляе, значыць, тое, што ў яе былі якія-небудзь блізкія адносіны з Карцінкіным? Вельмі добра. Я больш нічога не маю запытаць.

І таварыш пракурора адразу-ж зняў локаць з канторкі і пачаў запісваць нешта. На самой справе ён нічога не запісваў, а толькі абводзіў пяром літары сваёй запіскі, але ён бачыў, як пракуроры і адвакаты гэта робяць: пасля ёмкага запытання ўспісваюць у сваю прамову рэмарку, якая павінна знішчыць праціўніка.

Старшыня не адразу звярнуўся да падсуднай, таму што ён у гэты час пытаўся ў члена ў акулярах, ці згодзен ён на пастаноўку запытанняў, якія былі ўжо загадзя падрыхтаваны і выпісаны.

— Што-ж далей было? — працягваў запытваць старшыня.

— Прыехала дамоў, — пргцягвала Маслава, ужо смялей гледзячы на аднаго старшыню, — аддала гаспадыні грошы і легла спаць. Толькі заснула — наша дзяўчына Берта будзіць мяне. „Ідзі, твой купец зноў прыехаў“. Я не хацела выходзіць, але мадам загадала, Тут ён, — яна зноў з відавочным жахам вымавіла гэта слова: ён, — ён усё паіў нашых дзяўчат, потым хацеў паслаць яшчэ за віном, а грошы ў яго ўсе вышлі. Гаспадыня яму не паверыла, тады ён мяне паслаў да сябе ў нумар. І сказаў, дзе грошы і колькі ўзяць. Я і паехала.

Старшыня шаптаўся ў гэты час з членам налева і не чуў таго, што казала Маслава, але для таго, каб паказаць, што ён усё чуў, ён паўтарыў яе апошнія словы.

— Вы паехалі. Ну і што-ж? — сказаў ён.

— Прыехала і зрабіла ўсё, як ён загадаў: увайшла ў нумар. Не адна пайшла ў нумар, а паклікала і Сімона Міхайлавіча і яе, — сказала яна, паказваючы на Бачкову.

— Хлусіць яна, і ўваходзіць не ўваходзіла… — пачала Бачкова, але яе спынілі.

— Пры іх узяла чатыры красненькія, — жмурачыся і не гледзячы на Бачкову, працягвала Маслава.

— Ну, а ці не заўважыла падсудная, калі даставала 40 рублёў, колькі было грошай? — запытаў зноў пракурор.