Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/441

Гэта старонка не была вычытаная

— Але яна, Каця? Як, вы думаеце, ставіцца яна да гэтага? — спытаў Нехлюдаў.

— Яна? — Мар‘я Паўлаўна спынілася, відавочна жадаючы, як мага больш дакладна адказаць на запытанне. — Яна? — Ці, бачыце, яна, не гледзячы на яе мінулае, па прыродзе адна з самых маральных натур… І так тонка адчувае… Яна кахае вас, хораша кахае, і шчаслівая тым, што можа зрабіць для вас хоць тую адмоўную добрую справу, каб не заблытаць вас сабою. Для яе замужаства з вамі было-б страшэнным падзеннем, горш за ўсё мінулае, і таму яна ніколі не згодзіцца на гэта. А тым часам ваша прысутнасць трывожыць яе.

— Дык што-ж, знікнуць мне? — сказаў Нехлюдаў.

Мар‘я Паўлаўна ўсміхнулася сваёй мілай дзіцячай усмешкай.

— Так, часткова

— Як-жа знікнуць часткова?

— Я схлусіла; але пра яе я хацела вам сказаць, што, напэўна, яна бачыць недарэчнасць яго нейкага захопленага кахання (ён нічога не гаварыў ёй), і яно прыемна ёй і яна баіцца яго. Вы ведаеце, я не кампетэнтная ў гэтых справах, але мне здаецца, што з яго боку самае звычайнае мужчынскае пачуццё, хоць і замаскаванае. Ён гаворыць, што гэта каханне павялічвае ў ім энергію і што гэта каханне — платанічнае. Але-ж я ведаю, што калі гэта выключнае каханне, дык у аснове яго ляжыць немінуча ўсё-такі брыдкасць… Як у Новадворава з Любачкай.

Мар‘я Паўлаўна адышла ўбок ад пытання, разгаварыўшыся на сваю любімую тэму.

— Але што-ж мне рабіць? — запытаў Нехлюдаў.

— Я думаю, што трэба вам сказаць ёй. Заўсёды лепш, каб было ўсё ясным. Пагаварыце з ёю, я паклічу яе. Хочаце? — сказала Мар‘я Паўлаўна.

— Калі ласка, — сказаў Нехлюдаў, і Мар‘я Паўлаўна вышла.

Дзіўнае пачуццё ахапіла Нехлюдава, калі ён астаўся адзін у маленькай камеры, слухаючы ціхае дыханне, якое перарывалася зрэдку стогнамі Веры Ефрэмаўны, і няспынны гул крымінальнікаў, які даходзіў з-за двух дзвярэй.