Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/445

Гэта старонка не была вычытаная

яны робяць... Не, вось, гавораць, бомбы выдумалі і балоны. Так, падняцца на балоне і пасыпаць іх, як клапоў, бомбамі, пакуль звядуцца... Так. Таму што... — пачаў ён было, але, увесь чырвоны, раптам яшчэ мацней закашляўся, і кроў хлынула з яго рота.

Набатаў пабег па снег. Мар‘я Паўлаўна дастала валер‘янку і прапанавала яму, але ён, заплюшчыўшы вочы, адпіхваў яе белай схудалай рукой і цяжка і часта дыхаў. Калі снег і халодная вада крыху заспакоілі яго, і яго паклалі спаць, Нехлюдаў развітаўся з усімі і разам з унтэр-афіцэрам, які прышоў па яго і ўжо даўно чакаў яго, — пайшоў да выхаду.

Крымінальныя цяпер заціхлі і большасць спала. Не гледзячы на тое, што людзі ў камерах ляжалі і на нарах, і пад нарамі, і ў праходах, яны ўсё-ж такі не маглі змясціцца, і частка іх ляжала на падлозе, у калідоры, паклаўшы галовы на мяшкі і накрываючыся сырымі халатамі.

З дзвярэй камер і ў калідоры чуліся храп, стогны і сонная гаворка. Усюды віднеліся густыя кучкі чалавечых постацей, накрытых халатамі. Не спалі толькі ў халастой крымінальнай некалькі чалавек, што сядзелі ў кутку каля агарка, які яны пагасілі, убачыўшы салдата, і яшчэ ў калідоры, пад лямпай, стары; ён сядзеў голы і абіраў вошы з кашулі. Заразнае паветра памяшкання палітычных здавалася чыстым у параўнанні са смярдзючай духатою, якая была тут.

Лямпа дыміла, здавалася віднелася нібы скрозь туман, і дыхаць было цяжка. Для таго, каб прайсці па калідоры, не наступіўшы, або не зачапіўшы нагой каго-небудзь з тых, хто спаў, трэба было выглядаць наперад пустое мёсца і, паставіўшы на яго нагу, адшукваць месца для наступнага крока. Тры чалавекі, якія, відаць не знайшлі месца і ў калідоры, леглі ў прадпакоі, пад самай смярдзючай кадкай-парашай, якая цякла з усіх бакоў. Адзін з гэтых людзей быў дурны дзядок, якога Нехлюдаў часта бачыў на пераходах. Другі быў хлопчык гадоў дзесяці; ён ляжаў паміж двума арыштантамі і, падклаўшы руку пад шчаку, спаў на назе аднаго з іх.

Вышаўшы з брамы, Нехлюдаў спыніўся і, на ўсе лёгкія расцягваючы грудзі, доўга і моцна ўдыхаў марознае паветра.