Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/447

Гэта старонка не была вычытаная

упэўненасцю ў тым, што гэта не толькі так трэба, але тое, што яны робяць, ёсць вельмі значная і карысная справа, — што цяжка было прызнаць усіх гэтых людзей за вар‘ятаў; сябе-ж за вар‘ята ён не мог прызнаць, бо ўсведамляў яснасць сваёй думкі. І таму заўсёды быў у недаўменні.

Тое, што на працягу гэтых трох месяцаў бачыў Нехлюдаў, уяўлялася яму ў наступным выглядзе: з усіх людзей, якія жывуць на волі, з дапамогай суда і адміністрацыі адбіраліся самыя нервовыя, гарачыя, чуллівыя, здольныя і моцныя і менш за іншых хітрыя і асцярожныя людзі, і людзі гэтыя, ніяк не больш вінаватыя ці небяспечныя для грамадства, як тыя, якія аставаліся на волі, па-першае, замыкаліся ў турмы, этапы, катаргі, дзе і трымаліся месяцамі і гадамі ў поўнай бяздзейнасці, матэрыяльнай забяспечанасці і адарваныя ад прыроды, сям‘і, працы, г. зн. па-за ўсякімі ўмовамі прыроднага і маральнага жыцця чалавека. Гэта, па-першае. Па-другое, людзі гэтыя ў гэтых установах цярпелі ўсякія непатрэбныя здзекі — ланцугі, паголеныя галовы, ганебную вопратку, г. зн. пазбаўляліся галоўнай асновы добрага жыцця слабых людзей — клопатаў пра людзскую думку, сораму, усведамлення чалавечай годнасці. Па-трэцяе, жывучы заўсёды пад пагрозай смерці, — не кажучы ўжо аб выключных выпадках сонечных удараў, утаплення, пажараў, — ад заўсёдашніх у месцах зняволення заразных хвароб, знесілення, біцця, — людзі гэтыя заўсёды знаходзіліся ў тым становішчы, у якім самы добры, маральны чалавек, з пачуцця самазахавання, робіць і даруе іншым самыя жудасныя па жорсткасці ўчынкі. Па-чацвертае, людзі гэтыя гвалтоўна злучаліся з выключна разбэшчанымі жыццём (і, асабліва, гэтымі-ж установамі) распуснікамі, забойцамі і зладзеямі, якія дзейнічалі, як рашчына на цеста, на ўсіх яшчэ не зусім разбэшчаных ужытымі сродкамі людзей. І, па-пятае, нарэшце, усім людзям, якія цярпелі гэтыя ўздзейнічанні, настаўлялася самымі пераканаўчымі спосабамі, а іменна: праз усякія нечалавечыя ўчынкі над імі самімі, праз катаванні дзяцей, жанчын, старых, біццё, лупцаванне бізунамі, розгамі, выдаванне прэмій тым, хто прадставіць жывым ці мёртвым уцекача-беглага, разлучэнне мужоў з жон-