Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/452

Гэта старонка не была вычытаная

ківаючыся ад дарожнай трасаніны, ён, не спускаючы вачэй, глядзеў на Нехлюдава і на пытанне аб здароўі толькі заплюшчыў вочы і сярдзіта заківаў галавою. Уся энергія яго, відавочна, ішла на перамаганне дарожнай трасаніны. Мар‘я Паўлаўна сядзела на другім баку калёсаў. Яна пераглянулася з Нехлюдавым значным позіркам, які выказваў усю заклапочанасць становішчам Крыльцова, і потым зараз-жа загаварыла вясёлым голасам:

— Відаць, засароміўся афіцэр, — закрычала яна, каб Нехлюдаў мог яе пачуць з-за грукату колаў. — З Бузоўкіна знялі наручнікі. Ён сам нясе дзяўчынку, а з ім ідзе Каця і Сімансон і замест мяне Верачка.

Крыльцоў, нешта, чаго нельга было пачуць, паказваючы на Мар‘ю Паўлаўну, і, нахмурыўшыся, відавочна, стрымліваючы кашаль, заківаў галавою. Нехлюдаў прыблізіў галаву, каб пачуць. Тады Крыльцоў вызваліў рот ад хусткі і прашаптаў:

— Цяпер куды лепш. Толькі-б не застудзіцца.

Нехлюдаў кіўнуў сцвярджальна галавою і пераглянуўся з Мар‘яй Паўлаўнай.

— Ну, што праблема трох цел? — прашаптаў яшчэ Крыльцоў і трудна, цяжка ўсміхнуўся. — Мудраная развязка?

Нехлюдаў не зразумеў, але Мар‘я Паўлаўна растлумачыла яму, што гэта славутая матэматычная праблема азначэння адносін трох цел: сонца, месяца і зямлі, і што Крыльцоў жартуючы прыдумаў гэтае параўнанне з дачыненнямі Нехлюдава, Кацюшы і Сімансона. Крыльцоў кіўнуў галавою ў знак таго, што Мар‘я Паўлаўна правільна растлумачыла яго жарт.

— Не за мною развязка, — сказаў Нехлюдаў.

— Атрымалі маю запіску, зробіце? — запытала Мар‘я Паўлаўна.

— Абавязкова, — сказаў Нехлюдаў і, заўважыўшы незадавальненне на твары Крыльцова, адышоў да сваёй павозкі, узлез на свой правіслы пераплёт і, трымаючыся за краі калёсаў, трасучыся на выбоінах ненакатанай дарогі, пачаў абганяць расцягнутую на вярсту партыю шэрых халатаў і кажухоў калоднікаў і парных у наручніках. На процілег-