Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/454

Гэта старонка не была вычытаная

вазы, якія стаялі на пароме, на бераг і пачалі грузіць вазы, цесна застаўляючы паром павозкамі і коньмі, якія шарахаліся ад вады. Быстрая, шырокая рака хлястала ў барты лодак парома, нацягваючы канаты. Калі паром напоўніўся, і нехлюдаўскія калёсы з адпрэжанымі коньмі, сціснутыя з усіх бакоў вазамі, стаялі каля аднаго краю, перавозчыкі заклалі запоры, не звяртаючы ўвагі на просьбы тых, хто не змясціўся, адпусцілі капоты і рушылі. На пароме было ціха, толькі чуліся тупат ног перавозчыкаў і грук аб дошкі капытоў коней, якія перастаўлялі ногі.


XXI

Нехлюдаў стаяў на краі парома, гледзячы на шырокую быструю раку. У ваабражэнні яго, змяняючыся, паўставалі два вобразы: галава паміраючага ў азлабленні Крыльцова, якая ўздрыгвала ад штуршкоў, і постаць Кацюшы, што бадзёра ішла з краю дарогі з Сімансонам. Адно ўражанне — паміраючага і абыякавага да смерці Крыльцова — было цяжкае і сумнае. Другое-ж уражанне — бадзёрай Кацюшы, якая знайшла любоў такога чалавека, як Сімансон, і стала цяпер на цвёрды шлях дабра — павінна было-б быць радасным, але для Нехлюдава яно было таксама цяжкім, і ён не мог перамагчы гэтага цяжару.

З горада данёсся па вадзе гул і мядзянае дрыжэнне вялікага ахотніцкага[1] звону. Возчык, што стаяў каля Нехлюдава, і ўсе падводчыкі адзін за адным паздымалі шапкі і перахрысціліся. А невысокі калматы дзед, што бліжэй да ўсіх стаяў каля парэнчаў, якога Нехлюдаў спачатку не заўважыў, не перахрысціўся, а, падняўшы галаву, утаропіўся на Нехлюдава. Дзед гэты быў апрануты ў залатаны азям, суконныя нагавіцы і разношаныя бродні. За плячыма была невялікая торба, на галаве высокая пацёртая футровая шапка.

— Ты што-ж, стары, не молішся? — сказаў нехлюдаўскі возчык, надзеўшы і паправіўшы шапку. — Хіба нехрышчоны?

  1. Ахотніцкі звон — аматарскі звон, які мае асаблівыя якасці.