Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/455

Гэта старонка не была вычытаная

— Каму маліцца? — рашуча, напорліва і хутка вымаўляючы склад за складам, сказаў калматы дзед.

— Вядома каму, богу, — іранічна сказаў возчык.

— А ты пакажы мне дзе ён? бог?

Нешта было такое сур‘ёзнае і цвёрдае ў словах дзеда, што возчык, адчуўшы, што ён мае справу з моцным чалавекам, крыху збянтэжыўся, але не паказваў гэтага і, стараючыся не замаўчаць і не набрацца сораму перад публікай, якая прыслухоўвалася, быстра адказаў:

— Дзе? Вядома — на небе.

— А ты быў там?

— Быў — не быў, а ўсе ведаюць, што богу маліцца трэба.

— Бога ніхто-ж не бачыў нідзе-ж. Адзіны сын, сушчы ў недры отчым, ён явіў, — сурова хмурачыся, той-жа скорагаворкай сказаў дзед.

— Ты, відаць, нехрысць, дзірнік. Дзірцы молішся, — сказаў возчык, засоўваючы пугаў‘ё за пояс і папраўляючы шляю на прысцяжной.

Нехта засмяяўся.

— А ты якой, дзядуля, веры? — спытаў немалады ўжо чалавек, што стаяў з возам на краі парома.

— Ніякай веры ў мяне няма. Таму нікому я, нікому не веру, акрамя сябе, — таксама хутка і рашуча адказаў дзед.

— Ды як-жа сабе верыць? — сказаў Нехлюдаў, уступаючы ў размову. — Можна памыліцца.

— Ніколі, — трасануўшы галавой, рашуча адказаў дзед.

— Дык чаму-ж розныя веры ёсць? — спытаў Нехлюдаў.

— Таму і розныя веры, што людзям вераць, а сабе не вераць. І я людзям верыў і блукаў, як у тайзе; гэтак заблудзіў, што не спадзяваўся выбрацца. І стараверы, і новаверы, і суботнікі, і хлысты, і папоўцы, і беспапоўцы, і аўстрыякі, і малакане, і скапцы. Кожная вера сябе адна хваліць. Вось усе і распаўзліся, як куцяты[1] сляпыя. Вераў многа, а дух адзін. І ў цябе, і ва мне, і ў ім. Значыць, вер усякі свайму духу, і вось будуць усе злучаны. Будзь кожны сам сабе, і ўсе будуць з‘яднаны.

  1. Куцяты — шчаняты.