Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/457

Гэта старонка не была вычытаная

XXII

Выехаўшы ў горку, возчык абярнуўся.

— У якую гасцініцу везці?

— Якая лепш?

— Няма лепшай, як „Сібірская“. А то ў Дзюкава добра.

— Куды хочаш.

Возчык зноў сеў бачком і падагнаў коней. Горад быў, як і ўсе гарады: такія самыя дамы з мезанінамі і зялёнымі дахамі, такі самы сабор, крамы і на галоўнай вуліцы магазіны і нават такія самыя гарадавыя. Толькі дамы былі амаль усе драўляныя і вуліцы не брукаваныя. На адной з самых ажыўленых вуліц возчык спыніў тройку каля пад‘езду гасцініцы. Але ў гасцініцы не знайшлося незанятых нумароў, так што трэба было ехаць у другую. У гэтай другой быў незаняты нумар, і Нехлюдаў упершыню пасля двух месяцаў апынуўся зноў у прывычных умовах адноснай чыстаты і ўтульнасці. Як ні мала было раскошы ў нумары, які адвялі для Нехлюдава, ён адчуў вялікую палёгку пасля перакладной, заезджых двароў і этапаў. Галоўнае, яму трэба было ачысціцца ад вошай, ад якіх ён ніколі не мог зусім збавіцца пасля наведвання этапаў. Расклаўшыся, ён адразу-ж паехаў у лазню, а адтуль, прыбраўшыся па-гарадскому — надзеўшы накрухмаленую кашулю і са складкамі ад доўгага ляжання панталоны, сурдут і паліто, — да начальніка края. Прыведзены швейцарам гасцініцы рамізнік на гладкай буйнай кіргізцы, запрэжанай у бразгатлівую таратайку, падвёз Нехлюдава да вялікага прыгожага будынка, каля якога стаялі вартавыя і гарадавы. Перад домам і за домам быў сад, сярод апалых асін і бяроз, якія тырчэлі голымі галінамі, густа і цёмна зелянелі ёлкі, сосны і піхты.

Генералу нядужылася, і ён не прымаў. Нехлюдаў усё-ж папрасіў лёкая перадаць сваю картачку, лёкай вярнуўся з добрым адказам:

— Загадалі прасіць.

Пярэдняя, лёкай, веставы, сходні, зала з гланцавіта нацёртым паркетам — усё гэта было падобна на Пецербург, толькі было больш бруду і больш велічы. Нехлюдава ўвялі ў габінет.