Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/459

Гэта старонка не была вычытаная

на справе прыказку, якую любіў паўтараць: „пьян да умен — два угодья в нем“. Вышэйшая ўлада ведала, што ён п‘яніца, але ён быў ўсё-ж больш адукаваны, як іншыя, — хаця і спыніўся ў сваёй адукацыі на тым месцы, дзе яго заспела п‘янства, — быў смелы, спрытны, салідны, ўмеў і ў п‘яным выглядзе трымаць сябе тактоўна, і таму яго прызначылі і трымалі на тым відным і адказным месцы, якое ён займаў.

Нехлюдаў расказаў яму, што асоба, якая яго цікавіла, — жанчына, што яна без віны засуджана, што пададзена аб ёй на высачайшае імя.

— Так-с. Ну-с? — сказаў генерал.

— Мне абяцалі з Пецербурга, што паведамленне аб лёсе гэтай жанчыны дашлюць мне не пазней гэтага месяца і сюды…

Не спускаючы вачэй з Нехлюдава, генерал працягнуў з кароткімі пальцамі руку да стала, пазваніў і працягваў моўчкі слухаць, пыхкаючы папяроскай і асабліва гучна адкашліваючыся.

— Дык я папрасіў-бы, калі магчыма, затрымаць гэту жанчыну тут да таго часу, пакуль атрымаецца адказ на пададзенае прашэнне.

Увайшоў лёкай, дзяншчык, адзеты па-ваеннаму.

— Спытай, ці ўстала Анна Васільеўна, — сказаў генерал дзеншчыку, — і падай яшчэ чаю. Яшчэ што-с? — звярнуўся генерал да Нехлюдава.

— Другая мая просьба, — працягваў Нехлюдаў, — датычыцца палітычнага арыштанта, які ідзе ў гэтай самай партыі.

— Вось як! — сказаў генерал, значна ківаючы галавой.

— Ён дужа хворы — памірае чалавек. І яго, напэўна, пакінуць тут у больніцы. Дык адна з палітычных жанчын жадала-б астацца пры ім.

— Яна чужая яму?

— Так, але яна гатова выйсці за яго замуж, калі толькі гэта дасць ёй мажлівасць астацца пры ім.

Генерал уважліва глядзеў сваімі бліскучымі вачыма і маўчаў, слухаючы, відавочна жадаючы збянтэжыць свайго субяседніка поглядам, і ўсё курыў.