Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/46

Гэта старонка не была вычытаная

— Я-б хацеў ведаць, колькі часу прабыла падсудная ў нумары купца Смелькова?

Зноў Маслава спалохалася, і яна, трывожна перабягаючы вачыма з таварыша пракурора на старшыню, паспешна вымавіла:

— Не помню, колькі часу.

— Ну,а ці не помніць падсудная, ці заходзіла яна куды-небудзь у гасцініцы, вышаўшы ад купца Смелькова?

Маслава падумала.

— У нумар побач, у пусты, заходзіла, — сказала яна.

— Навошта-ж вы заходзілі? — сказаў таварыш пракурора, захапіўшыся і проста звяртаючыся да яе.

— Зайшла паправіцца і чакала рамізніка.

— А Карцінкін быў у нумары з падсуднай ці не быў?

— Ён таксама зайшоў.

— Чаго-ж ён зайшоў?

— Ад купца фінь-шампань астаўся, мы разам выпілі.

— А, разам выпілі. Вельмі добра.

— А ці размаўляла падсудная з Сімонам і аб чым?

Маслава раптам нахмурылася, густа пачырванела і шпарка вымавіла:

— Што гаварыла? Нічога я не гаварыла. Што было, тое я ўсё расказала, і больш нічога не ведаю. Рабіце са мной, што хочаце. Не вінавата я, і ўсё.

— Я больш нічога не маю, — сказаў пракурор старшыню і, ненатуральна прыўзняўшы плечы, пачаў хутка запісваць у канспект сваёй прамовы прызнанні самой падсуднай, што яна заходзіла з Сімонам у пусты нумар.

Надышло маўчанне.

— Вы не маеце яшчэ нічога сказаць?

— Я ўсё сказала, — вымавіла яна, уздыхаючы, і села.

Услед за гэтым старшыня запісаў нешта на паперу і, выслухаўшы паведамленне, зробленае яму шэптам членам злева, абвясціў на 10 мінут перапынак паседжання і хутка ўстаў і вышаў з залы. Нарада паміж старшынёй і членам злева, высокім, барадатым, з вялікімі добрымі вачыма, была аб тым, што член гэты адчуў лёгкае расстройства ў страўніку і жадаў зрабіць сабе масаж і выпіць мікстуры.