Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/463

Гэта старонка не была вычытаная

Апрача таго, яе адносіны з Сімансонам? Што значылі яе ўчарашнія словы? І калі яна згадзілася выйсці за Сімансона, ці добра гэта было-б або дрэнна? Ён ніяк не мог разабрацца ў гэтых думках і не спрабаваў нават думаць аб гэтым. „Усё гэта высветліцца потым, — падумаў ён, — цяпер-жа трэба як мага хутчэй пабачыць яе і перадаць ёй радасную навіну і вызваліць яе“. Ён думаў, што копіі, якая ў яго была ў руках, было дастаткова для гэтага. І вышаўшы з паштовай канторы, ён загадаў рамізніку ехаць у турму.

Не гледзячы на тое, што генерал не дазволіў яму наведаць турму раніцою, Нехлюдаў, ведаючы з практыкі што часта тое, чаго ніяк нельга дусягнуць у вышэйшых начальнікаў, вельмі лёгка можна дасягнуць у ніжэйшых, наважыў усё-ж паспрабаваць пранікнуць у турму цяпер з тым, каб абвясціць Кацюшы радасную навіну і, магчыма, вызваліць яе і разам з тым даведацца аб здароўі Крыльцова і перадаць яму і Мар‘і Паўлаўне тое, што сказаў генерал.

Сматрыцель турмы быў вельмі высокі і тоўсты, поўны велічы чалавек з вусамі і бакенбардамі, якія загіналіся да куткоў рота. Ён вельмі сурова прыняў Нехлюдава і проста абвясціў, што староннім асобам спатканні без дазволу начальства ён дапусціць не можа. На заўвагу Нехлюдава аб тым, што яго пускалі ў сталіцах, сматрыцель адказаў:

— Вельмі магчыма, толькі я не дапускаю. — Пры гэтым тон яго гаварыў: „вы, сталічныя паны, думаеце, што вы нас здзівіце і азадачыце: але мы і ва ўсходняй Сібіры ведаем цвёрда парадкі і вам яшчэ пакажам“.

Копія з паперы з уласнай яго вялікасці канцылярыі таксама не падзейнічала на сматрыцеля. Ён рашуча адмоўвіўся дапусціць Нехлюдава ў сцены турмы. На наіўнае меркаванне Нехлюдава, што Маслава можа быць вызвалена пасля прад‘яўлення гэтай копіі, ён толькі пагардліва ўсміхнуўся, заявіўшы, што для вызвалення каго-небудзь павінна быць распараджэнне ад яго непасрэднага начальства. Усё, што ён абяцаў, было тое, што ён паведаміць Маславу пра тое, што ёй вышла памілаванне, і не затрымае яе ніводнай гадзіны, як толькі атрымае прадпісанне ад свайго начальства.