Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/464

Гэта старонка не была вычытаная

Аб здароўі Крыльцова ён таксама адмовіўся даць якія-небудзь весткі, сказаўшы, што ён не можа сказаць нават таго, ці ёсць гэткі арыштант. Так, нічога не дамогшыся, Нехлюдаў сеў на свайго рамізніка і паехаў у гасцініцу.

Строгасць сматрыцеля тлумачылася пераважна тым, што ў перапоўненай удвая проці нармальнага турме ў гэты час быў павальны тыф. Рамізнік, які вёз Нехлюдава, расказаў яму дарогай, што „ў турме надта народ гіне. Нейкая на іх хворасць напала. Чалавек па дваццаць у дзень закопваюць“.


XXIV

Незважаючы на няўдачу ў турме, Нехлюдаў у тым-жа бадзёрым, узбуджана-дзейным настроі паехаў у канцылярыю губернатара даведацца, ці не атрымана там папера аб памілаванні Маславай. Паперы не было, і таму Нехлюдаў, вярнуўшыся ў гасцініцу, паспяшаўся-ж адразу-ж, не адкладаючы, напісаць аб гэтым Селеніну і адвакату. Скончыўшы лісты, ён зірнуў на гадзіннік; быў ужо час ехаць на абед да генерала.

Зноў па дарозе да яго прышла думка аб тым, як успрыме Кацюша сваё памілаванне. Дзе паселяць яе? Як ён будзе жыць з ёю? Што Сімансон? Якія яе адносіны да яго? Успомніў пра тую змену, якая адбылася ў ёй. Успомніў пры гэтым і яе мінулае.

„Трэба забыцца, выкрасліць, — падумаў ён і зноў паспяшыў адагнаць ад сябе думкі пра яе. — Тады відаць будзе“, — сказаў ён сабе і пачаў думаць пра тое, што яму трэба сказаць генералу.

Абед у генерала, абстаўлены ўсёю прывычнаю для Нехлюдава раскошаю жыцця багатых людзей і буйных чыноўнікаў, быў пасля доўгай адсутнасці не толькі раскошы, але і самых неабходных рэчаў, асабліва прыемным для яго.

Гаспадыня была пецербургскага старога завета grande dame[1], былая фрэйліна Нікалаеўскага двара, якая гаварыла натуральна па-французску і ненатуральна па-руску. Яна тры-

  1. Свецкая жанчына.