Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/469

Гэта старонка не была вычытаная

вітаўшыся са старымі і маладымі гаспадарамі, Нехлюдаў вышаў разам з англічанінам на ганак генеральскага дома.

Надвор‘е змянілася. Ішоў клоччамі спорны снег і ўжо засыпаў дарогу і дах, і дрэвы саду, і пад‘езд, і верх таратайкі, і спіну каня. У англічаніна быў свой экіпаж, і Нехлюдаў загадаў кучару англічаніна ехаць у турму, сеў адзін у сваю таратайку і з цяжкім пачуццём выканання непрыемнага абавязку паехаў за ім у мяккай таратайцы, якая з цяжкасцю кацілася па снягу.


XXV

Пануры дом турмы з вартавымі і ліхтаром над варотамі, незважаючы на чыстую, белую пялёну, якая пакрывала цяпер усё — і пад‘езд, і дах, і сцены, рабіў яшчэ больш, як раніцою, панурае ўражанне сваімі па ўсім фасадзе асветленымі вокнамі.

Самавіты сматрыцель вышаў да варот і, прачытаўшы каля ліхтара пропуск, выдадзены Нехлюдаву і англічаніну, недаўменна павёў магутнымі плячыма, але, выконваючы загад, запрасіў наведвальнікаў ісці за ім. Ён прывёў іх спачатку на двор і потым у дзверы направа і на сходкі ў кантору. Прапанаваўшы ім садзіцца, ён спытаў, чым можа быць ім карысны, і, даведаўшыся пра жаданне Нехлюдава бачыць зараз-жа Маславу, паслаў па яе надзірацеля і падрыхтаваўся адказваць на запытанні, якія англічанін адразу-ж пачаў праз Нехлюдава рабіць яму.

— Наколькі чалавек пабудавана турма? — пытаўся англічанін. — Колькі зняволеных? — Колькі мужчын, колькі жанчын, дзяцей? — Колькі катаржных, сасланых, колькі ідзе добраахвотна са сваякамі, знаёмымі? — Колькі хворых?

Нехлюдаў перакладаў словы англічаніна і сматрыцеля, не ўдумваючыся ў іхні сэнс, зусім нечакана для сябе збянтэжаны спатканнем, якое мелася быць. Калі пасярод сказу, які ён перакладаў англічаніну, ён пачуў, як набліжаюцца крокі, і дзверы канторы адчыніліся, і, як гэта было шмат разоў, увайшоў надзірацель і за ім, павязаная хуст-