Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/476

Гэта старонка была вычытаная

у адной бруднай, попелавага колеру, падранай на плячы кашулі, такіх самых портках, босы, сядзеў на падлозе каля нар і строга-запытальна глядзеў на тых, што ўвайшлі. Схудалае цела яго, якое віднелася праз дзіры бруднай кашулі, было ўбогім і слабым, але твар яго быў яшчэ больш удумлівым і сур‘ёзна ажыўленым, чым на пароме. Усе арыштанты, як і ў іншых камерах, ускочылі і выцягнуліся пры ўваходзе начальства; стары-ж сядзеў. Вочы яго блішчэлі, і бровы гнеўна хмурыліся.

— Устаць! — крыкнуў на яго сматрыцель.

Стары не зварухнуўся і толькі пагардліва ўсміхнуўся.

— Перад табою твае слугі стаяць, а я не твой слуга. На табе пячатка… — праказаў стары, паказваючы сматрыцелю на яго лоб.

— Што-о-о? — з пагрозай сказаў сматрыцель, насоўваючыся на яго.

— Я ведаю гэтага чалавека, — паспяшаўся сказаць Нехлюдаў сматрыцелю. — Завошта яго ўзялі?

— Паліцыя прыслала за бяспашпартнасць. Мы просім не прысылаць, а яны ўсё шлюць, — сказаў сматрыцель, сярдзіта косячыся на старога.

— А ты, відаць, таксама анціхрыстава войска? — звярнуўся стары да Нехлюдава.

— Не, я наведвальнік, — сказаў Нехлюдаў.

— Што-ж, прышлі падзівіцца, як анціхрыст людзей мучыць. На от, глядзі. Забраў людзей, замкнуў у клетку войска цэлае. Людзі павінны ў поце твару свайго хлеб есці, а ён іх замкнуў, як свіней, корміць без работы, каб яны азвярэлі.

— Што-ж ён гаворыць? — спытаў англічанін.

Нехлюдаў сказаў, што стары асуджае сматрыцеля за тое, што ён трымае ў няволі людзей.

— Як-жа, спытайцеся, на яго думку, трэба рабіць з тымі, якія парушаюць закон? — сказаў англічанін.

Нехлюдаў пераклаў запытанне.

Стары дзіўна засмяяўся, выскаліўшы густыя зубы.

— Закон! — паўтарыў ён пагардліва. — Ён перш абрабаваў усіх, усё багацце ў людзей адабраў, пад сябе падабраў,