Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/478

Гэта старонка не была вычытаная

рэдкай, кароткай касічкай старая жанчына, са зморшчаным, маленькім, жоўтым тварам і вострым носікам. За старой быў яшчэ труп мужчыны ў нечым ліловым. Колер гэты нешта нагадаў Нехлюдаву.

Ён падышоў бліжэй і пачаў глядзець на яго.

Маленькая, вострая, тырчком угору бародка, моцны прыгожы нос, белы, высокі лоб, рэдкія кучаравыя валасы. Ён пазнаваў знаёмыя рысы і не даваў веры сваім вачам. Учора ён бачыў гэты твар узбуджана-ўзлаваным, пакутлівым. Цяпер ён быў спакойным, непарушным і прыгожым.

Так, гэта быў Крыльцоў, ці прынамсі той след, як пакінула яго матэрыяльнае існаванне.

„Навошта ён пакутваў? Навошта ён жыў? Ці зразумеў ён гэта цяпер?“ думаў Нехлюдаў, і яму здавалася, што адказу гэтага няма, што нічога няма, апрача смерці, і яму зрабілася дрэнна.

Не развітаўшыся з англічанінам, Нехлюдаў папрасіў надзірацеля правесці яго на двор і, адчуваючы патрэбу астацца аднаму, каб абдумаць усё тое, што ён перажыў за сёнешні вечар, ён паехаў у гасцініцу.


XXVIII

Не кладучыся спаць, Нехлюдаў доўга хадзіў узад і ўперад па нумары гасцініцы. Справа яго з Кацюшай была скончана. Ён быў не патрэбен ёй, і яму гэта было і сумна і сорамна. Але не гэта цяпер мучыла яго. Другая яго справа не толькі не была скончана, але мацней, як калі, мучыла яго і вымагала ад яго дзейнасці.

Усё тое страшнае зло, якое ён бачыў і пра якое даведаўся за гэты час і асабліва сёння, у гэтай жудаснай турме, усё гэта зло, што загубіла і мілага Крыльцова, панавала, царавала, і не відаць было ніякай магчымасці не толькі перамагчы яго, але нават зразумець, як перамагчы яго.

Перад ім паўсталі гэтыя замкнутыя ў заразлівым паветры сотні і тысячы зганьбаваных людзей, якія замыкаліся роўнадушнымі генераламі, пракурорамі, сматрыцелямі, ус-