Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/479

Гэта старонка не была вычытаная

помніўся дзіўны, вольны дзед, што вінаваціў начальства, і якога лічылі вар‘ятам, і сярод трупаў прыгожы, мёртвы, васковы твар у азлабленні памёршага Крыльцова. І даўнейшае пытанне пра тое, ці ён, Нехлюдаў, вар‘ят, ці вар‘яты людзі, якія лічаць сябе разумнымі і робяць усё гэта, — з новаю сілаю паўстала перад ім і патрабавала адказу.

Стаміўшыся хадзіць і думаць, ён сеў на канапу перад лямпаю і машынальна разгарнуў дадзенае яму на памяць англічанінам евангелле, якое ён, вымаючы тое, што было ў кішэнях, кінуў на стол. „Гавораць там вырашэнне ўсяго“, — падумаў ён і, разгарнуўшы евангелле, пачаў чытаць там, дзе разгарнулася. Мацфея гл. ХVIII.

1. У той час вучні прыступілі да Ісуса і сказалі: хто большы ў царстве нябесным? — чытаў ён.

2. Ісус, прызваўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх.

3. І сказаў: ісцінна кажу вам, калі не ўверуеце і не будзеце, як дзеці, не ўвойдзеце ў царства нябеснае.

4. І так, хто змаліцца, як гэта дзіця, той і больш ў царстве нябесным.

„Але, але, гэта так“, — падумаў ён, успамінаючы, як ён адчуў заспакаенне і радасць жыцця толькі ў той меры, у якой змаляў сябе.

5. І хто возьме адно такое дзіця ў імя мае, той мяне бярэ.

6. А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія веруюць у мяне, таму лепей было-б, каб павесілі яму жоран на шыю і затапілі яго ў глыбіні морскай.

„Да чаго тут: хто возьме і куды возьме? І што значыць: у імя мае? — спытаў ён сябе, адчуваючы, што словы гэтыя нічога не гавораць яму. — „І навошта жоран на шыю і глыбіня морская? Не, гэта нешта не тое: недакладна, цмяна“, — падумаў ён, успамінаючы, як ён некалькі разоў у сваім жыцці браўся чытаць евангелле, і як заўсёды цмянасць гэткіх мясцін адштурхоўвала яго. Ён прачытаў яшчэ 7, 8, 9 і 10 сціхі аб спакусах, аб тым, што яны павінны прысці ў свет, аб пакаранні праз геенну вогненую, у якую ўкінуты будуць людзі, і аб нейкіх ангелах дзяцей, якія бачаць аблічча айца нябеснага. „Як шкада, што гэта так няскладна, — падумаў ён, — а адчуваецца, што тут штосьці добрае”.