Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/48

Гэта старонка не была вычытаная

стацца правам уласнасці на зямлю і тады-ж аддаў зямлю, якую атрымаў у спадчыну ад бацькі, сялянам. Ён на гэту самую тэму і пісаў свой твор.

Жыццё яго ў гэты год на вёсцы ў цётак ішло гэтак: ён уставаў вельмі рана, часам у 3 гадзіны, і да сонца ішоў купацца ў раку пад гарой, падчас яшчэ ў ранішнім тумане, і прыходзіў, калі яшчэ раса ляжала на траве і кветках. Часам раніцою, напіўшыся кавы, ён садзіўся за свой твор або за чытанне крыніц для твору, але вельмі часта, замест чытання і пісання, зноў ішоў з дому і бадзяўся па палях і лясах. Перад абедам ён засынаў дзе-небудзь у садзе, потым за абедам весяліў і смяшыў цётак сваёй вясёласцю, потым ездзіў верхам, або катаўся на лодцы і ўвечары зноў чытаў, або сядзеў з цёткамі, раскладаючы пас‘янс. Часта начамі, асабліва калі свяціў месяц, ён не мог спаць толькі таму, што ўсхваляваўся, адчуваючы вельмі вялікую радасць жыцця і замест сна, часам да світання, хадзіў па садзе са сваімі марамі і думкамі.

Так шчасліва і спакойна жыў ён першы месяц свайго жыцця ў цётак, не звяртаючы ніякай увагі на поўпакаёўку-поўвыхаванку, чорнавокую, быстраногую Кацюшу.

У гэты час Нехлюдаў, выхаваны пад крылом маці, у 19 год быў зусім нявінным юнаком. Ён марыў аб жанчыне толькі як аб жонцы. Усе-ж жанчыны, якія не маглі, паводле яго разумення, быць яго жонкай, былі для яго не жанчыны, а людзі. Але здарылася, што гэтым летам, на Вазнясенне, да цётак прыехала іхняя суседка з дзецьмі: двума паненкамі, гімназістам і з маладым мастаком з мужыкоў, які гасцяваў у іх.

Пасля чаю пачалі, на скошаным ужо лужку перад домам, гуляць у гарэлкі. Узялі і Кацюшу. Нехлюдаву пасля некалькіх змен давялося бегчы з Кацюшай. Нехлюдаву заўсёды было прыемна бачыць Кацюшу, але яму і ў галаву не прыходзіла, што паміж ім і ёю могуць быць якія-небудзь асаблівыя адносіны.

— Ну, цяпер гэтых ніяк не зловіш, — казаў „гарэўшы“ вясёлы мастак, які вельмі хутка бегаў на сваіх кароткіх і крывых, але моцных мужыцкіх нагах: — хіба толькі спаткнуцца.