Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/481

Гэта старонка не была вычытаная

32. Тады цар яго выклікае яго і кажа: злы нявольнік! увесь доўг твой я дараваў табе, таму што ты ўпрасіў мяне.

33. Ці не належала і табе памілаваць таварыша твайго, як я памілаваў цябе?

— Ды няўжо толькі гэта? — раптам голасна ўскрыкнуў Нехлюдаў, прачытаўшы гэтыя словы. І ўнутраны голас усёй істоты яго гаварыў: „Так, толькі гэта“.

І з Нехлюдавым здарылася тое, што часта здараецца з людзьмі, якія жывуць духоўным жыццём. Здарылася тое, што думка, якая здавалася яму спачатку дзівацтвам, парадоксам, нават жартам, усё часцей і часцей знаходзячы сабе сцвярджэнне ў жыцці, раптам паўстала перад ім, як самая простая, бясспрэчная ісціна. Так зразумеў ён цяпер думку пра тое, што адзіны і бясспрэчны спосаб, каб выратавацца ад таго жудаснага зла, ад якога пакутуюць людзі, быў толькі ў тым, каб людзі прызнавалі сябе заўсёды вінаватымі перад богам і таму няздольнымі ні караць, ні папраўляць іншых людзей. Яму зрабілася зразумела цяпер, што ўсё тое страшэннае зло, якога ён быў сведкам у турмах і астрогах, і спакойная самаўпэўненасць тых, якія рабілі гэтае зло, сталася толькі таму, што людзі хацелі рабіць немагчымую справу: будучы злымі, папраўляць зло. Людзі з заганамі хацелі папраўляць людзей з заганамі і думалі дасягнуць гэтага механічным шляхам. Але з усяго гэтага вынікла толькі тое, што людзі, якія жывуць у нястачы і любяць выгоду, зрабіўшы сабе прафесію з гэтага ўяўнага пакарання і папраўлення людзей, самі разбэсціліся да апошняй ступені і бесперапынна разбэшчваюць і тых, якіх мучаць. Цяпер яму зрабілася зразумелым, адкуль ідзе ўся тая жудасць, якую ён бачыў, і што трэба рабіць для таго, каб знішчыць яе. Адказ, якога ён не мог знайсці, быў той самы, які хрыстос даў Пятру: ён быў у тым, каб дараваць заўсёды, усім, бясконцы лік разоў дараваць, бо няма такіх людзей, якія-б самі не былі вінаватымі і таму маглі-б караць ці папраўляць.

„Ды не можа быць, каб гэта было так проста“, — гаварыў сабе Нехлюдаў, а тым часам бясспрэчна бачыў, што, як ні дзіўным гэта здалося яму спачатку, прызвычаенаму да