Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/482

Гэта старонка не была вычытаная

адваротнага, — што гэта было бясспрэчнае і не толькі тэарэтычнае, але і самае практычнае вырашэнне пытання.

Заўсёдашняе запытанне аб тым, што рабіць са зладзеямі, — няўжо так і пакінуць іх непакаранымі? — ужо не збівала яго цяпер. Запытанне гэта мела-б значэнне, каб было даведзена, што пакаранне змяншае злачынствы, папраўляе злачынцаў; але калі даведзена зусім адваротнае, і відавочна, што не ў сіле адных людзей папраўляць другіх, дык адзінае разумнае, што вы можаце зрабіць, гэта тое, каб пакінуць рабіць тое, што не толькі не карысна, але шкодна і, апрача таго, амаральна і жорстка. „Вы некалькі стагоддзяў караеце людзей, якіх прызнаеце за злачынцаў. Што-ж, зніклі яны? Не зніклі, а колькасць іх толькі павялічылася, і тымі злачынцамі, якія разбэшчваюцца пакараннямі, і яшчэ тымі злачынцамі-суддзямі, пракурорамі, следчымі, турэмнікамі, якія сядзяць і караюць людзей“. Нехлюдаў зразумеў цяпер, што грамадства і парадак існуюць наогул не таму, што ёсць гэтыя ўзаконеныя злачынцы, якія судзяць і караюць іншых людзей, а таму, што, не гледзячы на такое разбэшчванне, людзі ўсё-ж шкадуюць і любяць адзін аднаго.

Спадзяючыся знайсці сцвярджэнне гэтай думкі ў тым самым евангеллі, Нехлюдаў з пачатку пачаў чытаць яго. Прачытаўшы нагорнае казанне, якое заўсёды расчульвала яго, ён сёння ў першы раз убачыў у гэтым казанні не адцягненыя, прыгожыя думкі, што большай часткай ставяць надмерныя і невыканальныя запатрабаванні, а простыя, яскравыя і практычна-выканальныя запаведзі, якія, у выпадку выканання іх (што было зусім магчыма), устанаўлялі зусім новы лад чалавечага грамадства, пры якім не толькі сам сабой знішчаўся ўвесь той гвалт, які так абураў Нехлюдава, але дасягалася вышэйшае, даступнае чалавецтву дабро — царства божае на зямлі.

Запаведзяў гэтых было пяць.

Першая запаведзь (Мф. V, 21-26) была ў тым, што чалавек не толькі не павінен забіваць, але не павінен гневацца на брата, не павінен нікога лічыць нікчэмным, „рака“, а калі пасварыцца з кім-небудзь, павінен мірыцца, перш чым прыносіць дар богу, г. зн. маліцца.