Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/484

Гэта старонка не была вычытаная

што сад, у які яны былі пасланы, каб працаваць на гаспадара, быў іхняю ўласнасцю; што ўсё, што было ў садзе, зроблена для іх, і што іхняя справа толькі ў тым, каб цешыцца ў гэтым садзе сваім жыццём, забыўшы пра гаспадара і забіваючы тых, якія нагадвалі ім аб гаспадары і аб іх абавязках да яго.

„Тое самае робім мы, — думаў Нехлюдаў, — жывучы ў недарэчнай упэўненасці, што мы самі гаспадары свайго жыцця, што яно дадзена нам для нашай асалоды. А гэта-ж, відавочна, недарэчна. Бо калі мы пасланы сюды, дык-жа чыёй-небудзь воляю і для чаго-небудзь, а мы парашылі, што жывем толькі для сваёй радасці, і зразумела, што нам кепска, як будзе кепска парабку, які не выконвае волі гаспадара. Воля-ж гаспадара выказана ў гэтых запаведзях. Толькі-б выконвалі людзі гэтыя запаведзі, і на зямлі ўстановіцца царства божае, і людзі атрымаюць найвялікшае дабро, якое даступна для іх.

Шукайце царства божага і праўды яго, а астатняе прыкладзецца вам. А мы шукаем астатняга і, відавочна, не знаходзім яго.

Дык вось яна, справа мойго жыцця. Толькі скончылася адна, пачалася другая“.

З гэтай начы пачалося для Нехлюдава зусім новае жыццё, не столькі таму, што ён увайшоў у новыя ўмовы жыцця, а таму, што ўсё, што здаралася з ім з гэтага часу, набывала для яго зусім іншае, як раней, значэнне. Чым скончыцца гэты новы перыяд яго жыцця, пакажа будучае.

16 снежня 1899 года.

КАНЕЦ