Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/49

Гэта старонка не была вычытаная

— Вы, ды не зловіце!

— Раз, два, тры!

Ударылі тры разы ў далоні. Ледзьве стрымліваючы смех, Кацюша хутка памянялася месцамі з Нехлюдавым і, паціснуўшы сваёй моцнай, шурпатай маленькай рукой яго вялікую руку, пабегла налева, шурхаючы накрухмаленай спадніцай.

Нехлюдаў бегаў шпарка, і яму захацелася не паддацца мастаку, і ён кінуўся з усяе сілы. Калі ён аглянуўся, ён убачыў мастака, які наганяў Кацюшу, але яна, спрытна пераступаючы пругкімі маладымі нагамі, не паддавалася яму і ўцякала налева. Наперадзе была клумба бэзавых кустоў, за якую ніхто не бегаў, але Кацюша, азірнуўшыся на Нехлюдава, падала яму знак галавой, каб злучыцца за клумбай. Ён зразумеў яе і пабег за кусты. Але тут, за кустамі, была незнаёмая яму канаўка, што зарасла крапівай; ён спатыкнуўся ў яе і, абстрэкаўшы рукі крапівай і абмачыўшы іх ужо прадвечаровай расой, паваліўся, але адразу-ж, смеючыся над сабой, выправіўся і выбег на чыстае месца.

Кацюша, ззяючы ўсмешкай і чорнымі, як мокрая смародзіна, вачамі, ляцела яму насустрач. Яны збегліся і схапіліся за рукі.

— Абстрэкаліся, відаць, — сказала яна, вольнай рукой папраўляючы касу, цяжка дыхаючы і ўсміхаючыся, знізу ўгору проста гледзячы на яго.

— Я і не ведаў, што тут канаўка, — сказаў ён, таксама ўсміхаючыся і не выпускаючы яе рукі.

Яна прысунулася да яго, і ён, сам не ведаючы, як гэта здарылася, пацягнуўся да яе тварам; яна не атхілілася, ён сціснуў мацней яе руку і пацалаваў яе ў губы.

— Вось табе на! — прагаварыла яна і, хуткім рухам вырваўшы сваю руку, пабегла прэч ад яго.

Падбегшы да бэзавага куста, яна сарвала з яго дзве галінкі белага бэзу, які ўжо абсыпаўся, і, хлопаючы сябе імі па гарачым твары і азіраючыся на яго, жвава размахваючы перад сабой рукамі, пайшла назад да месца гульні.

З гэтага часу адносіны паміж Нехлюдавым і Кацюшай змяніліся і ўстанавіліся тыя асаблівыя, якія бываюць паміж