Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/5

Гэта старонка не была вычытаная

даросдыя людзі — не спынялі ашукваць і катаваць сябе і адзін аднаго. Людзі лічылі, што свяшчэнна і значна не гэта вясновае ранне, не гэта хараство свету божага, данае для карысці ўсіх істот, — хараство, якое схіляе да міру, згоды і любові, а свяшчэнна і важна тое, што яны самі выдумалі, каб панаваць адзін над адным.

Так, у канторы губернскай турмы лічылася свяшчэнным і значным не тое, што ўсім жывёлам і людзям даны замілаванне і радасць вясны, а лічылася свяшчэнным і значным тое, што напярэдадні атрымана было за нумарам, з пячаткай і загалоўкам папера аб тым, каб у дзевяць гадзін раніцы былі дастаўлены сёння, 28 красавіка, тры арыштаваныя, якія знаходзіліся ў турме пад следствам — дзве жанчыны і адзін мужчына. Адна з гэтых жанчын, як самая галоўная злачынніца, павінна была быць дастаўлена асобна. І вось, на падставе гэтага загаду, 28 красавіка, у цёмны смярдзючы калідор жаночага аддзялення, у восем гадзін раніцы, увайшоў старшы надзірацель. Услед за ім увайшла ў калідор жанчына са стомленым тварам і кучаравымі сівымі валасамі, адзетая ў кофту з рукавамі, абшытымі галунамі, і падпяразаную рамянём з сінім кантам. Гэта была надзірацельніца.

— Вам Маславу? — запытала яна, падыходзячы з чарговым надзірацелем да адных з дзвярэй камер, што адчыняліся ў калідор.

Надзірацель, бразгаючы жалезам, адамкнуў замок і, адчыніўшы дзверы камеры, з якой хлынула яшчэ больш смярдзючае, чым у калідоры, паветра, крыкнуў:

— Маслава, у суд! — і зноў прычыніў дзверы, чакаючы.

Нават на дварэ турмы было свежае, жыватворчае паветра палёў, прынесенае ветрам у горад. Але ў калідоры было задушлівае тыфознае паветра, прасякнутае пахам калу, дзёгцю і гнілі, якое адразу-ж наводзіла тугу і сум на кожнага свежага чалавека. Гэта адчула на сабе, не гледзячы на прывычку да дрэннага паветра, надзірацельніца, якая прышла з двара. Яна раптам, уваходзячы ў калідор, адчула стомленасць, і ёй захацелася спаць.

У камеры чутна была мітусня: жаночыя галасы і крокі босых ног.