Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/50

Гэта старонка не была вычытаная

нявінным маладым чалавекам і гэткай-жа нявіннай дзяўчынай, якіх цягне адзін да аднаго.

Як толькі Кацюша ўваходзіла ў пакой, ці нават здалёк Нехлюдаў бачыў яе белы фартух, дык усё для яго нібы асвятлялася сонцам, усё рабілася больш цікавым, вясёлым і значным; жыць рабілася радасней. Тое самае адчувала і яна. Але не толькі прысутнасць і блізкасць Кацюшы ўздзейнічалі гэтак на Нехлюдава; гэтак уздзейнічала на яго толькі думка аб тым, што ёсць гэта Кацюша, а для яе, што ёсць Нехлюдаў. Ці атрымаў Нехлюдаў непрыемны ліст ад маці, або не ішоў гладка яго твор, або адчуваў юнацкі беспрычынны сум, трэба было толькі ўспомніць аб тым, што ёсць Кацюша, і ўсё гэта праходзіла.

Кацюша мела многа спраў у доме, але яна паспявала ўсё зрабіць і ў вольныя мінуты чытала. Нехлюдаў даваў ёй Дастаеўскага і Тургенева, якіх ён сам толькі што прачытаў. Больш за ўсё ёй падабалася „Зацішша“ Тургенева. Размовы паміж імі адбываліся ўрыўкамі, пры сустрэчах у калідоры, на балконе, на дварэ і часам у пакоі старой пакаёўкі цётак Матруны Паўлаўны, з якой разам жыла Кацюша і ў пакойчык якой часам Нехлюдаў прыходзіў піць чай упрыкуску. І гэтыя размовы ў прысутнасці Матруны Паўлаўны былі самыя прыемныя. Размаўляць, калі яны былі адны, было горш. Адразу-ж вочы пачыналі гаварыць нешта зусім іншае, куды больш значнае, чым тое, што гаварылі вусны, губы зморшчваліся, рабілася нечага боязна, і яны спяшалі разыйсціся.

Гэткія адносіны працягваліся паміж Нехлюдавым і Кацюшай увесь час яго першага прабывання ў цётак. Цёткі заўважылі гэтыя адносіны, спалохаліся і нават напісалі аб гэтым за граніцу да княгіні Елены Іванаўны, маці Нехлюдава. Цётка Мар‘я Іванаўна баялася таго, каб Дзмітрый не звязаўся з Кацюшай. Але яна дарэмна баялася гэтага. Нехлюдаў, сам не ведаючы таго, кахаў Кацюшу, як кахаюць нявінныя людзі, і яго любоў была галоўнай абаронай ад спакусы і для яго і для яе. У яго не было не толькі жадання фізічнага ўладання ёю, але быў жах ад думкі гэткага дачынення да яе. Баязнь паэтычнай Соф‘і Іванаўны таго, каб