Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/56

Гэта старонка не была вычытаная

толькі Ціхан-лёкай, у фартуху, таксама, відаць, заняты чысткай. У прадпакой вышла Соф‘я Іванаўна ў шаўковым плацці і чапцы.

— Вось добра, што прыехаў! — гаварыла Соф‘я Іванаўна, цалуючы яго. — Машанька не зусім здарова, стамілася ў царкве, мы прычашчаліся.

— Віншую, цёця Соня, — гаварыў Нехлюдаў, цалуючы рукі Соф‘і Іванаўны, — выбачайце, замачыў вас.

— Ідзі ў свой пакой. Ты прамок увесь. І вусы ўжо ў цябе. Кацюша! Кацюша! Хутчэй кавы яму.

— Зараз! — адгукнуўся знаёмы прыемны голас з калідора.

І сэрца Нехлюдава радасна ёкнула. „Тут!“ І нібы сонца зірнула з-за хмары. Нехлюдаў весела пайшоў з Ціханам у свой ранейшы пакой перапранацца. Нехлюдаву хацелася запытаць Ціхана пра Кацюшу: што яна? як жыве? ці не выходзіць замуж? Але Ціхан быў гэткім пачцівым і разам строгім, гэтак цвёрда дамагаўся таго, каб самому паліваць з рукамыйніка на рукі ваду, што Нехлюдаў не адважыўся запытаць яго аб Кацюшы і толькі запытаў пра яго ўнукаў, пра старога братцавага жарабца, пра дварняжку Палкана. Усе былі жывы і здаровы, апрача Палкана, які ашалеў летась.

Скінуўшы ўсё мокрае і толькі пачаўшы апранацца, Нехлюдаў пачуў хуткія крокі, і ў дзверы пастукалі. Нехлюдаў пазнаў і крокі, і стук у дзверы. Так хадзіла і стукала толькі яна.

Ён накінуў на сябе мокры шынель і падышоў да дзвярэй.

— Уваходзьце.

Гэта была яна, Кацюша. Усё такая-ж, яшчэ прыгажэйшая, чым раней. Таксама знізу ўверх пазіралі, усміхаючыся, наіўныя, крыху касаватыя чорныя вочы. Яна, як і раней была ў чыстым белым фартуху. Яна прынесла ад цётак толькі што выняты з паперкі пахучы кавалак мыла і два ручнікі: вялікі рускі і махнаты. І непачатае з выціснутымі літарамі мыла, і ручнікі, і яна сама, — усё гэта было аднолькава чыстым, свежым, некранутым, прыемным. Мілыя, цвёрдыя, чырвоныя губы яе ўсё так-жа маршчыліся, як і раней, у яго прысутнасці ад нястрымнай радасці.