Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/58

Гэта старонка не была вычытаная

адзін раз, — цяпер ён быў закаханы, ведаючы гэта і радуючыся гэтаму і цмяна ведаючы, хаця і хаваючы ад сябе, з чаго складаецца гэтае каханне і што з яго можа выйсці.

У Нехлюдаве, як і ва ўсіх людзях, было два чалавекі. Адзін духоўны, які шукаў дабра сабе толькі такога, якое было-б дабром і для іншых людзей, і другі — звярыны чалавек, які шукаў дабра толькі для сябе і для гэтага дабра гатоў быў ахвяраваць дабром усяго свету. У гэты перыяд яго вар‘яцтва, эгаізма, выкліканага ў ім пецербургскім і вайсковым жыццём, гэта звярыны чалавек панаваў у ім і зусім задушыў духоўнага чалавека. Але, убачыўшы Кацюшу і зноў адчуўшы тое, што ён адчуваў да яе тады, духоўны чалавек узняў сваю галаву і пачаў заяўляць аб сваіх правах. І ў Нехлюдаве, не спыняючыся на працягу гэтых двух дзён да вялікадня, ішла ўнутраная, несвядомая для яго барацьба.

У глыбіні душы ён ведаў, што яму трэба ехаць, і што няма чаго цяпер аставацца ў цётак, ведаў, што нічога з гэтага не магло выйсці добрага, але было гэтак радасна і прыемна, што ён не гаварыў гэтага сабе і аставаўся.

Увечары ў суботу, напярэдадні светлага хрыстовага васкрасення, свяшчэннік з дзяканам і дзячком, як яны расказвалі, ледзьве праехаўшы на санях па лужынах тыя тры вярсты, якія былі паміж царквой і цётчыным домам, прыехалі правіць заутраню.

Нехлюдаў з цёткамі і прыслугай, не перастаючы паглядваць на Кацюшу, якая стаяла каля дзвярэй і прыносіла кадзіла, адстаяў гэту заутраню, пахрыстосаваўся са свяшчэннікам і цёткамі і хацеў ужо ісці спаць, як пачуў, што ў калідоры Матруна Паўлаўна, старая пакаёўка Мар‘і Іванаўны, разам з Кацюшай збіраецца ў царкву, каб свяціць кулічы і пасху. „Паеду і я“, падумаў ён.

Дарогі да царквы не было ні на калёсах, ні на санях, і таму Нехлюдаў, які гаспадарыў у цётак, як дома, загадаў асядлаць сабе верхавога, так званага „братцава“ жарабца і, замест таго, каб легчы спаць, апрануўся ў бліскучы мундзір з абцягненымі райтузамі, адзеў зверху шынель і паехаў на гладкім, грузным жарабцы, які іржаў увесь час, у цемнаце, праз лужыны і снег, да царквы.