Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/61

Гэта старонка не была вычытаная

У перапынку паміж ранняй і позняй абедняй Нехлюдаў вышаў з царквы. Народ даваў яму дарогу і кланяўся. Хто пазнаваў яго, хто пытаўся: „чый гэта?“ На цвінтары ён спыніўся. Жабракі акружылі яго, ён раздаў тую дробязь, якая была ў кашальку, і спусціўся са сходак ганка.

Было ўжо гэтак светла, што была відна, але сонца яшчэ не ўзыходзіла. На могілках вакол царквы пасеў народ. Кацюша аставалася ў царкве, і Нехлюдаў спыніўся, чакаючы яе.

Народ усё выходзіў і, грукаючы цвікамі ботаў па плітах, сыходзіў са сходаў і рассыпаўся па царкоўным двары і могільніку.

Дрэўні дзед, кандзіцер Мар‘і Іванаўны, з дрыжачай галавой, спыніў Нехлюдава, пахрыстосаваўся, і яго жонка, бабулька са зморшчаным кадычком пад шаўковым шалікам, дала яму, выняўшы з хусткі жоўтае шафранавае яйка. Тут-жа падышоў, усміхаючыся, малады мускулісты мужык у новай паддзёўцы з зялёным поясам.

— Хрыстос васкрэсе, — сказаў ён, смеючыся вачыма, і, прысунуўшыся да Нехлюдава і абдаўшы яго асаблівым мужыцкім, прыемным пахам, казлытаючы яго сваёй кучаравай бародкай, у самую сярэдзіну губ тры разы пацалаваў яго сваімі моцнымі, свежымі губамі.

У той час, як Нехлюдаў цалаваўся з мужыком і браў ад яго цёмнакарычневае яйка, паказалася пераліўнае плацце Матруны Паўлаўны і мілая чорная галоўка з чырвоным бантам.

Яна адразу-ж праз галовы ішоўшых перад ёй убачыла яго, і ён бачыў, як прасвятлеў яе твар.

Яны вышлі з Матрунай Паўлаўнай на цвінтар і спыніліся, падаючы жабракам. Жабрак, з чырвонай, загоенай балячкай замест носа, падышоў да Кацюшы. Яна дастала з хусткі нешта, падала яму і потым наблізілася да яго і, не выказваючы ніякай грэблівасці, наадварот, гэтак-жа радасна ззяючы вачыма, тры разы пацалавалася. І ў той час, як яна цалавалася з жабраком, вочы яе сустрэліся з поглядам Нехлюдава. Нібы яна пыталася: ці добра, ці так яна робіць?

„Так, так, любая, усё добра, усё прыгожа, кахаю“.

Яны сышлі з цвінтара, і ён падышоў да яе. Ён не хацеў хрыстосвацца, але толькі хацеў быць бліжэй да яе.