Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/62

Гэта старонка не была вычытаная

— Хрыстос васкрэсе! — сказала Матруна Паўлаўна, схіляючы галаву і ўсміхаючыся, з гэткай інтанацыяй, якая казала, што цяпер усе роўныя, і, абцёршы рот скручанай мышкай хусткай, яна пацягнулася да яго губамі.

— Ваісціну, — адказаў Нехлюдаў, цалуючыся.

Ён зірнуў на Кацюшу. Яна ўспыхнула і ў тую самую хвіліну наблізілася да яго.

— Хрыстос васкрэсе, Дзмітрый Іванавіч.

— Ваісціну васкрэсе, — сказаў ён. Яны пацалаваліся два разы і нібы задумаліся, ці трэба яшчэ, і нібы вырашыўшы, што трэба, пацалаваліся трэці раз, і абодва ўсміхнуліся.

— Вы не пойдзеце да свяшчэнніка? — запытаў Нехлюдаў.

— Не, мы тут, Дзмітрый Іванавіч, пасядзім, — сказала Кацюша, цяжка, нібы пасля радаснай працы, уздыхаючы ўсімі грудзьмі і гледзячы яму проста ў вочы сваімі пакорлівымі, дзявоцкімі, закаханымі, крыху касаватымі вачыма.

У каханні паміж мужчынай і жанчынай бывае заўсёды адна мінута, калі каханне гэта даходзіць да свайго зеніта, калі няма ў ім нічога свядомага, разважлівага і няма нічога пачуццёвага. Такой мінутай была для Нехлюдава гэта ноч светлага хрыстова васкрасення. Калі ён цяпер успамінаў Кацюшу, дык з усіх становішчаў, у якіх ён яе бачыў, гэта мінута захінала ўсе іншыя. Чорная, гладкая, бліскучая галоўка, белае плацце са зборачкамі, цнатліва ахапляючае яе стройны стан і невысокія грудзі, і гэты румянец, і гэтыя пяшчотныя глянцавітыя чорныя вочы, і ва ўсёй яе істоце дзве галоўныя рысы: чыстата нявіннасці кахання не толькі да яго, — ён ведаў гэта, — але кахання да ўсяго, не толькі добрага, што толькі ёсць на свеце, але і да таго жабрака, з якім яна пацалавалася.

Ён ведаў, што ў ёй было гэта каханне, таму што ён у сабе гэтай ноччу і гэтым раннем усведамляў яе і ўсведамляў, што ў гэтым каханні ён зліваўся з ёю ў адно.

Ах, каб усё гэта спынілася на тым пачуцці, якое было ў гэту ноч! „Але, уся гэта жахлівая справа была зроблена ўжо пасля гэтай начы светлага хрыстова васкрасення!“ думаў ён цяпер, седзячы ля акна ў пакоі прысяжных.